Беларуская Служба

Польшча не плануе абмяжоўваць уезд асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй

27.07.2024 17:01
Адбылася тэлефонная размова Паўла Латушкі з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

Адбылася тэлефонная размова намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Гутарка адбылася з ініцыятывы кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Польшчы.

Міністр замежных справаў Польшчы падкрэсліў, што Польшча аддзяляе беларускі народ ад рэжыму дыктатара. Польшча робіць захады, каб змякчаць умовы для легалізацыі беларусаў; будзе прытрымлівацца пазіцыі не абмяжоўваць перасячэнне грамадзянамі Беларусі беларуска-польскай мяжы; не плануе ўводзіць забарону на выкарыстанне асабістых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй і не плануе здзяйсняць канфіскацыю аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй, як гэта ажыццяўляецца ў дачыненні да аўтамабіляў з расійскай рэгістрацыяй.

Адначасова кіраўнік знешнепалітычнага ведамства праінфармаваў, што Польшча прытрымліваецца сваіх патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі: спыніць міграцыйную вайну, выдаць злачынцу, які ўчыніў забойства польскага салдата, а таксама дабіваецца вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобут.

Міністр замежных спраў Польшчы падкрэсліў, што беларусы зʼяўляюцца еўрапейскім народам і будучыня беларускага народа – у агульным еўрапейскім доме.

Павел Латушка падзякаваў міністру за прынцыповую пазіцыю і адзначыў, што для беларусаў важная лідзіруючая роля Польшчы ў Еўрапейскім саюзе як краіны, якая найбольш глыбока разумее важнасць падтрымкі дэмакратычнага руху і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, а таксама важнасць адкрытасці Еўропы для беларусаў.

ТГ Паўла Латушкі/ав