Беларуская Служба

Каталіцкія вернікі просяць аднавіць ксяндза Уладзіслава Завальнюка на пасадзе пробашча сталічнай парафіі

28.07.2024 15:03
Завальнюк, звярнулі ўвагу аўтары ліста, 50 гадоў «нястомна і шчыра служыў Госпаду і людзям у розныя часы».
. .
Кс. У. Завальнюкфота: catholic.by

Каталіцкія вернікі просяць аднавіць ксяндза Уладзіслава Завальнюка на пасадзе пробашча сталічнай парафіі св. Сімяона і Алены (Чырвоны касцёл), вынікае з адкрытага ліста на парафіяльным сайце, адрасаванага мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзэфу Станеўскаму.

«Мы ўсе разумеем, што жывем у часы ганенняў Каталіцкага касцёла, разумеем, што вам, як пастыру, няпроста», – такім чынам у дакуменце, падпісаным ад імя «вернікаў Мінска», пракаментавана абвешчанае 26 ліпеня рашэнне іерарха звольніць Завальнюка з пасады пробашча.

Завальнюк, звярнулі ўвагу аўтары ліста, 50 гадоў «нястомна і шчыра служыў Госпаду і людзям у розныя часы», больш за 40 гадоў «служыў у Беларусі, прыкладаў усе намаганні, каб усе людзі мелі магчымасць спазнаць Бога», і ніколі не казаў, «што стаміўся, што яму цяжка, нягледзячы на сапраўды нялёгкія ўмовы, асабліва ў апошнія два гады, калі быў зачынены касцёл, калі ў плябаніі былі адключаныя вада, святло і ацяпленне».

«Таму нам вельмі цяжка паверыць, што пробашч прасіў аб звальненні, і таму мы вельмі занепакоеныя далейшым лёсам сапраўды вялікага святара, – гаворыцца ў дакуменце. – Раней мы ніколі не чулі, каб на нашых тэрыторыях святароў у паўнаце сіл звальнялі на пенсію, але кожны святар служыў, пакуль меў фізічныя сілы. Няўжо зараз у нашай архідыяцэзіі так шмат ці дастаткова святароў, што прымаюцца такія рашэнні».
Парафіяне выказалі спадзяванне, што Станеўскі паспрыяе вяртанню вернікам Чырвонага касцёла і ксяндза Завальнюка.

У дадатак да адкрытага ліста сайт апублікаваў фрагмент асобнага звароту, верагодна, таксама да Станеўскага – непасрэдна ад вернікаў з парафіі св. Сымона і Алены, у якім тыя просяць апублікаваць прашэнне Завальнюка аб адстаўцы.

«Калі ён яго напісаў, тады надзея ў нас застаецца толькі на вас, Ваша Экселенцыя, – адзначана ў дакуменце. – Мы хочам прасіць вас і верым, што вы зможаце пераканаць кс. прэлата Уладзіслава Завальнюка забраць сваё прашэнне аб адстаўцы і застацца са сваёй паствай, гэта значыць з намі. Упэўненыя, што вы таксама да глыбіні душы засмучаныя гэтай акалічнасцю і таксама прасілі яе не сыходзіць».

«Упэўненыя, ён прыняў гэтае рашэнне не зусім глыбока абдумаўшы. Верым, што агульнымі намаганнямі, з вашай дапамогай, з вашым аўтарытэтам мы пераканаем нашага пастыра не пакідаць сваю паству», – адзначылі вернікі. Калі Завальнюка »не ўдасца пераканаць«, яны просяць, каб святар заявіў аб сыходзе публічна.

26 ліпеня Мінска-Магілёўская архідыяцэзія аб'явіла, што арцыбіскуп Станеўскі задаволіў прашэнне Завальнюка аб звальненні ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя. Святар быў пробашчам парафіі Чырвонага касцёла больш за 30 гадоў. На яго месца іерарх прызначыў ксяндза Франца Рудзік.

pozirk.online/ав