Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў беларусу Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі. Пра гэта рэжысёр паведаміў у Facebook. Палітуцекачу пагражае высылка ў Беларусь з Сербіі. Разгляд апеляцыі рэжысёра Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі разгледзяць 27 жніўня ў Бялградзе, - паведамляе euroradio.
Гнёт падкрэслівае, што Еўрапейскі суд па правах чалавека адмовіў яму ўжо трэці раз. Там лічаць яго запыт «перадчасным». «Цяпер у мяне ўсё яшчэ няма ніякай міжнароднай падтрымкі», — піша беларус.
Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, а таксама сузаснавальнік Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY, якое ў РБ аб'явілі «экстрэмісцкім фармаваннем». Гнёт пакінуў Беларусь па палітычных матывах. У кастрычніку 2023-га яго затрымалі ў Сербіі паводле ордара Інтэрпала: рэжым Лукашэнкі абвясціў Гнёта ў міжнародны вышук, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў.
Сем месяцаў палітуцякач правёў у сербскай турме, потым яго перавялі пад хатні арышт. Вярхоўны суд Сербіі пастанавіў экстрадзіраваць Андрэя Гнёта ў Беларусь, але ён з адвакатам абскардзіў гэтае рашэнне. У абарону Гнёта выступілі разнастайныя беларускія і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Amnesty International. Ён піша, што цяпер яму патрэбныя яшчэ больш юрыдычных рэсурсаў унутры Сербіі, якія працуюць па перадаплаце.
эж