Беларуская Служба

Лукашэнка зноў скардзіцца на «цяжкія часы»

27.08.2024 12:56
Беларускі ўзурпатар выступаў сёння перад педагогамі, якім заявіў, што «краіна жыве ў вельмі цяжкі перыяд, пытанне «або - або».
Ілюстрацыйны здымакScreenshot z https://t.me/pul_1

У Мінску сёння прайшла рэспубліканская педагагічная рада, на якой выступаў Аляксандр Лукашэнка, які паскардзіўся на «маштабныя санкцыі», назваўшы іх вялікім выклікам.

«Гэтыя шалёныя на Захадзе рыхтуюць супраць нас. Мы павінны гэта трымаць у поле зроку. Што нам трэба ў гэтай сітуацыі - краіну, махіну гэтую (маленькая Беларусь - яна не такая маленькая, калі займаешся ёю ў цэлым), разгарнуць з Захаду на Усход. Трэба забяспечыць, каб цябе прынялі на Ўсходзе. Дзякуй богу, у нас гэта атрымліваецца, але гэта найцяжэйшая праца», цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Дыктатар зазначыў, што яму нібыта раяць плюнуць на гэтую Расію ды пайсці ваяваць з Украінай супраць Расіі, узамен за ўваход войск НАТА пад Смаленск. Пры гэтым дыктатар не ўдакладніў, хто менавіта выступаў з такімі прапановамі.

Забыў Лукашэнка і ўдакладніць, што санкцыі супраць яго рэжыму былі ўведзеныя між іншым за тое, што тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

- Ніколі вакол Беларусі не было такіх цяжкасцяў, як цяпер. І краіну трэба ўтрымаць. І ўсё жадаем быць суверэннымі і незалежнымі. А як яе ўтрымаць - трэба думаць усім. І быць гатовымі да гэтага. І ўсё пачынаецца з нас - настаўнікаў, - падкрэсліў дыктатар, параіўшы настаўнікам займацца сваёй справай.

Крыніца: «Позірк»/юл