Беларуская Служба

Над Гомелем збітыя два беспілотнікі-камікадзэ, якія належаць Расіі

05.09.2024 11:01
Два выбухі раздаліся над Гомелем - у 1:34 і 1:36 - у ноч на 5 верасня, паведаміла незалежнае рэгіянальнае медыя «Флагшток».
    -,
Над Гомелем збітыя два беспілотнікі-камікадзэ, якія належаць РасііСкрыншот: відэазапіс у тэлеграм-канале «Флагштока»

Паводле інфармацыі «Флагшток» (са спасылкай на чытача), у небе над Гомелем - у 1:34 і 1:36 - у ноч на 5 верасня былі збітыя два беспілотнікі-камікадзэ, што належаць Расіі, якія ў 1:08 заляцелі ў Гомельскую вобласць з Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Медыя апублікавала два відэаролікі, на якіх бачна, як на фоне начнога неба на горад падаюць палаючыя аб’екты, паведамляе «Позірк».



Са спасылкай на дадзеныя геалакацыі і паведамленні карыстальнікаў гарадскіх чатаў СМІ паведамілі, што, паводле папярэдняй інфармацыі, рэшткі аднаго з БПЛА ўпалі ў Навабеліцкім раёне Гомеля.  

Паводле інфармацыі «Флагштока», непадалёк ад пазначанага месца на вул. 3-й транзітнай пажарная каманда тушыла невялікае ўзгаранне. Таксама з раённага чата маецца інфармацыя пра тушэнне пажару ў тым жа раёне па вул. Белага.



Сістэма апавяшчэння ў горадзе не працавала, адзначае медыя.

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у 1:30 з аэрадрома Баранавічы (Брэсцкая вобласць) быў узняты дзяжурны знішчальнік.

Яшчэ адзін знішчальнік вылецеў адтуль у 2:20, праз 8 хвілін у паветраную прастору краіны ўвайшоў яшчэ адзін дрон — па кірунку Хойнікаў (Гомельская вобласць).

У 3:10, паводле інфармацыі групы, з аэрадрома Баранавічы вылецеў трэці знішчальнік. Прычынай таму, як мяркуецца, стаў чарговы беспілотнік-камікадзэ, які ў той час залятаў у Гомельскую вобласць курсам на Брагін.

Раней група «Беларускі Гаюн» паведамляла, што ў ноч на 4 верасня і раніцай у краіну заляцела не менш за чатыры БПЛА.



Узброеныя сілы Украіны паведамлялі пра «шахеды», якія заляталі ў Беларусь, 31 жніўня, 27 і 26 жніўня, 16 ліпеня.

8 жніўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што ў ліпені, паводле яе звестак, мінімум дзевяць «шахедаў», якія належаць Расіі, уварваліся ў паветраную прастору Беларусі.

Якіх-небудзь пратэстаў расійскаму боку ў сувязі са згаданымі інцыдэнтамі Мінск не заяўляў.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

аз

Як мінімум чатыры беспілотнікі «Шахед» уначы заляцелі ў Беларусь

04.09.2024 16:02
Адзін з іх узяў курс на Магілёў пасля чаго згубіўся, куды ён падзеўся - невядома.