Беларуская Служба

Украінцы ўстанавілі два сусветныя рэкорды, палякаў пазбавілі золата ды рэкорду на Параалімпіядзе

05.09.2024 15:03
Завяршаюцца Паралімпійскія гульні ў краіне кахання ды рэвалюцыі. Французскі бок змог стварыць вельмі спрыяльную атмасферу для ўдзельнікаў Алімпіяды, хаця не абышлося без скандалаў.
Аўдыё
  • Паволі завяршаюцца Паралімпійскія гульні ў Парыжы
Ілюстрацыйны здымакEPA/ENNIO LEANZA Dostawca: PAP/EPA.

У агульным заліку найбольшую колькасць узнагарод здабылі Кітай, Вялікабрытанія ды ЗША, але з медалямі вярнуліся і спартоўцы з нашага рэгіёну: палякі, украінцы ды беларусы.

У Парыжы набліжаюцца да завяршэння XVII летнія Паралімпійскія гульні, якія пачаліся 28-га жніўня і завяршацца 8-га верасня бягучага года. Гэта была першая Паралімпіяда ў сталіцы Францыі, таму арганізатары вельмі стараліся, каб мерапрыемства прайшло выдатна.

Як і ў выпадку з Алімпіядай, упершыню ў гісторыі адкрыццё мерапрыемства адбылося не на стадыёне, а на адкрытым паветры. За цырымоніяй адкрыцця Паралімпіяды ў цэнтры французскай сталіцы назіралі больш за 50 тысяч чалавек. Цырымонія пачалася з мастацкага шоу на плошчы Згоды - самай вялікай плошчы Парыжа, дзе была створана вялікая сцэна ў выглядзе старажытнага цырка. Там сабраліся некалькі тысяч паралімпійцаў, якія раней прайшліся па Елісейскіх палях. 

На цырымоніі быў паказаны фільм, які падкрэсліваў веліч людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і прадэманстраваў надзею для іх у новай тэхналогіі біянічных канцавін.

Тры дні перад завяршэннем гульняў лідзіруючую пазіцыю займаюць кітайцы, якія здабылі 64 узнагароды, у тым ліку 49 залатых медалёў. Другое і трэцяе месца займаюць Вялікабрытанія ды ЗША, прадстаўнікі гэтых каманд здабылі 33 і 25 медалёў адпаведна.

З нашага рэгіёну найвышэй зайшлі ўкраінцы. У агульным заліку ўкраінская зборная займае 7 месца. Сярод вынікаў выступлення ўкраінскіх спартсменаў на Паралімпіядзе-2024 - 2 сусветныя рэкорды і 4 залатыя медалі. Асабліва адзначыліся плаўцы.

Так у плаванні на 50 метраў вольным стылем залаты медаль выйграў Андрэй Трусаў, золата заваявалі ў эстафеце 4х100 метраў вольным стылем Марына Паддубная, Аляксея Вірчанка, Яраслава Дзенісенка і Ганна Стеценка. Украінцы здабілі яшчэ золата ды серабро ў штурханні ядра.

У сваю чаргу польскія спартоўцы заваявалі на Паралімпійскіх гульнях 14 медалёў – па 4 залатыя, 5 бронзавых і срэбныя. Бела-чырвоныя займаюць 20-е месца ў медальным заліку. Срэбную медаль у спаборніцтвах па настольнаму тэнісу здабыла Наталля Партыка, ветэранка Паралімпійскіх гульняў. У Парыжы яна прайграла ў фінале адзіночнага разраду аўстралійцы.

- Я вельмі рада гэтаму медалю, добра, што ён ёсць. Серабро – таксама вельмі высокая ўзнагарода. На сёння  - гэта мой максімум, я выклалася напоўніцу. Шмат людзей мараць здабыць такі медаль, але ніколі не будуць яго мець. Я хачу, каб мяне не лічылі такім чалавекам, якога радуе толькі залатая ўзнагарода. У індывідуальных спаборніцтвах у мяне серабра яшчэ не было. Пасля паразы ў Токіё я ведаю, што прайграны матч – гэта не канец свету.

Блізка золата была шпажыстка Кінга Друшч, полька спаборнічала з прадстаўніцай Кітая, але не змагла яе адолець.

- Кітаянкі – найгоршыя саперніцы. Калі я ўбачыла вынікі лёсавання, я ўзрадавалася, што з кітаянкай сустрэнуся толькі ў фінале. На Алімпійскіх гульнях няма лёгкіх сапернікаў, да кожнага змагання я ставілася сур’ёзна з поўнай гатоўнасцю.

Польская каманда ў Парыжы мела і непрыемныя моманты. Ружа Казакоўска выйграла спаборніцтвы па кіданні молатам у пятніцу, але золата ў яе адабралі з-за няправільных параметраў экіпіроўкі — у прыватнасці, памеру падушкі пад галаву. Не быў прызнаны і яе новы сусветны рэкорд - кідок на 31,30 метры. Апеляцыя Польскага паралімпійскага камітэта была адхіленая. Ружа Казакоўска не хавала, што рашэнне пазбавіць яе залатога медалю пры сусветным рэкордзе стала для яе моцным ударам.

- Дагэтуль мне цяжка пагадзіцца з рашэннем. Мне як спартсмену цяжка глядзець людзям у вочы. Гэта несправядлівы ўдар. Мне вельмі цяжка, доўга буду ад гэтага адыходзіць. Адзінае, што мяне радуе – моцная падтрымка суайчыннікаў. Людзі мяне падтрымліваюць. Ад гэтага становіцца лягчэй.  

Старшыня Паралімпійскага камітэту Польшчы Лукаш Шэліга задаволены хадой Паралімпійскіх гульняў у Парыжы. Госць Польскага радыё звярнуў увагу на добры выступ палякаў і спрыяльную атмасферу гульняў.

- Пакуль нашы спартовыя планы рэалізуюцца згодна з нашымі з трэнерамі разлікамі. Мы вельмі задаволеныя, атмасфера падчас гульняў фантастычная. Парыж жыве Алімпіядай, спартовыя аб’екты спалучаныя з вельмі цікавымі турыстычнымі славутасцямі Парыжу. Неверагодныя гульні. Атмасфера ў камандзе вельмі добрая, нягледзячы на некаторыя клопаты, што з’явіліся.

Сярод пераможцаў у Парыжы былі і беларусы, якія выступаюць пад нейтральным сцягам. Пяць перамог здабыў беларускі плывец Ігар Бокій. На дыстанцыі 200 м комплексным плаваннем ён фінішаваў першым з новым сусветным рэкордам -2.02,03. Раней беларус першынстваваў на стометроўках батэрфляем і на спіне, на дыстанцыі 400 метраў вольным стылем. Агулам у актыве нейтральных атлетаў з Беларусі - шэсць залатых узнагарод.

Юры Ліхтаровіч