Восем беларусаў, якія выступяць на Паралімпійскіх гульнях як «нейтральныя атлеты», прымуць удзел у двух відах спорту. Шасцёра ў плаванні (Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава), двое ў лёгкай атлетыцы(Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб), паведамляе „Свабода”.
Дарэчы для Яўгена Кавалёнка і Лізаветы Дабравольскай гэтая Паралімпіяда стане першай у кар’еры, іншыя ўжо маюць досвед выступленняў на галоўных стартах чатырохгоддзя.
Самым вядомым удзельнікам сярод іх, безумоўна, з'яўляецца 16-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокі. Ураджэнец Бабруйску ў Парыжы выступіць у пяці дысцыплінах плавання сярод спартоўцаў з парушэннямі зроку. Для яго гэта ўжо 4-я Гульні, у 2012-м у Лондане ён здабыў 5 залатых медалёў, у 2016-м у Рыё-дэ-Жанэйра — 6, а ў 2021-м у Токіа ўзяў 5 залатых узнагарод.
Акрамя таго, Бокі 28-разовы чэмпіён свету і 5-разовы чэмпіён Еўропы.
Паралімпійскім чэмпіёнам, акрамя Бокага, быў толькі Дзмітры Салей. 34-гадовы плывец здабыў золата яшчэ ў Пекіне-2008. А праз восем гадоў двойчы ўзяў срэбра ў Рыё-дэ-Жанэйра.
23-гадовы берасцеец Ягор Шчалканаў быў срэбным медалістам у Токіа.
Паралімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 28 жніўня па 8 верасня.
Беларускія і расійскія спартоўцы будуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у нейтральным статусе. У медальнай табліцы іх згадваць не будуць, пры іх перамозе прагучыць гімн AIN (Athlete Individuel Neutre, «індывідуальныя нейтральныя атлеты»). Таксама гэтыя спартоўцы не будуць удзельнічаць у цырымоніях адкрыцця і закрыцця гульняў.
Дзяржаўныя сцягі Беларусі і Расіі, а таксама іншая нацыянальная сімволіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, звязаных з Паралімпійскімі гульнямі.
аз