Беларуская Служба

Грамадзяне Украіны, якія пайшлі па журавіны ў Беларусь, былі аштрафаваныя на радзіме

10.09.2024 11:44
Раней жыхары памежных рэгіёнаў маглі хадзіць у ягады да суседзяў.
      .
Украінцаў аштрафавалі за збор журавіны ў Беларусі. Фота: Pixabay.com/ ivyeirlys

Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласці аштрафаваў групу жыхароў памежных з Беларуссю населеных пунктаў за незаконнае перасячэнне мяжы для збору журавін на беларускай тэрыторыі - паведамляе Радыё Свабода.

Як адзначаецца ў судовым рашэнні, якое ў сваім распараджэнні мае радыё Свабода, сярод затрыманых пры незаконным перасячэнні мяжы быў вучань 11 класа Драздыньскага ліцэю (ад горада Драздынь, што знаходзіцца ў Сарненскім раёне Ровенскай вобласці, да Беларусі ўсяго 1,5 кіламетра. — РС).

На судовым пасяджэнні падлетак паведаміў, што па журавіны з суседам ён пайшоў з дазволу бацькоў. Ён быў упэўнены, што «ягады збіраюць на тэрыторыі Украіны, бо сусед ведае мясцовасць».

Ягоная маці пацвердзіла, што дазволіла сыну пайсці ў журавіны, бо той хацеў мець свае кішэнныя грошы. Яна таксама была ўпэўненая, што сусед з сынам збіралі ягады на тэрыторыі Украіны.

Суд улічыў усе абставіны справы і вынес ліцэісту папярэджанне. Усе іншыя затрыманыя пасля збору ягад на беларускай тэрыторыі атрымалі максімальны штраф — 8500 грыўняў (крыху больш як 200 долараў у эквіваленце. — РС).

Да расійскай вайны ва Украіне, калі Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для абстрэлаў украінскіх населеных пунктаў, памежнікі дзвюх краін штогод дамаўляліся аб арганізацыі спрошчаных пунктаў пропуску для грамадзян Украіны для збору лясных грыбоў і ягад на тэрыторыі беларускага ландшафтнага заказніка «Альманскія балоты».

Сезонны спрошчаны доступ украінцаў на тэрыторыю Беларусі дзейнічаў у два перыяды — з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 1 верасня да 15 лістапада. Спрошчаны парадак дзейнічаў штодня ад шостай ранку да дзясятай гадзіны вечара ўлетку і ад 8:00 да 20:00 увосень у трох часовых пунктах — «Драздынь», «Бярозавае» і «Познань» — з абавязковым вяртаннем на тэрыторыю Украіны ў дзень перасячэння дзяржаўнай мяжы.

Пры гэтым грамадзяне маглі перасякаць мяжу толькі пешшу або на ровары. І галоўнае — апроч пашпарта і дакументаў, якія пацвярджаюць пражыванне ў памежных вёсках, украінцы павінны былі атрымліваць адмысловы пропуск памежнай службы Беларусі ды іменную квітанцыю аб аплаце за наведванне заказніку «Альманскія балоты» цягам сезону. Кошт такіх дазволаў на сезон складаў крыху больш за 100 долараў у эквіваленце.

Разам з тым кожны год памежнікі рэгістравалі вялікую колькасць парушэнняў спрошчанага памежнага рэжыму.
У чэрвені 2022 года, калі Расія ўжо паўгода вяла вайну на тэрыторыі Украіны, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў аб аднабаковым адкрыцці малых памежных пунктаў. Ва Украіне назвалі такое рашэнне правакацыяй і заклікалі ўкраінцаў адмовіцца ад наведвання беларускіх лясоў для збору ягад.

«Паколькі Беларусь падтрымлівае расійскую агрэсію супраць нашай краіны, бяспека нашых грамадзян на тэрыторыі памежнай краіны застаецца пад вялікім пытаннем. Я прашу жыхароў памежжа свядома і ўзважана ставіцца да гэтага. Часовыя месцы для пропуску грамадзян на гэтым кірунку не будуць функцыянаваць, і пропуск нашых грамадзян на тэрыторыю Беларусі не будзе ажыццяўляцца», — заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка 23 чэрвеня 2022 году на брыфінгу ў Кіеве.

Да студзеня 2023 году ў Ровенскай вобласці Украіны замінавалі ўвесь памежны перыметр з Беларуссю, апроч балотных участкаў — агульнай працягласцю 229 кіламетраў.

Украіна працягвае ўмацоўваць свае межы ў беларускім кірунку, ствараючы шматузроўневыя лініі абароны з інжынернымі фартыфікацыямі, супрацьтанкавымі равамі і мінна-выбуховымі загародамі.

Паводле Радыё Свабода

нг