Беларуская Служба

За дапамогу праваабаронцам жыхар Паставаў трапіў у «спіс экстрэмістаў»

10.09.2024 19:07
Трох жыхароў Віцебшчыны асудзілі сёлета за наведванне палітычных судовых паседжанняў.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

У абноўленым спісе «экстрэмістаў» з'явілася імя 39-гадовага пастаўчаніна Андрэя Стабулянца, справа якога разам з іншымі жыхарамі Віцебшчыны - трэнерам і бодыбілдарам з Глыбокага Аляксандрам Шарабайкам і жыхаром Паставаў Дзянісам Цыбульскім разглядалася ў Вярхоўным судзе ў канцы жніўня.

Мужчынаў судзілі, у прыватнасці, за тое, што яны назіралі за ходам судовых працэсаў па палітычных артыкулах у Віцебскай вобласці. Па версіі следства, фігуранты перадавалі атрыманыя звесткі прадстаўнікам праваабарончых структур, а таксама дапамагалі праваабаронцам фіксаваць звесткі пра палітычна матываваныя прысуды.

Аляксандр Шарабайка і Дзяніс Цыбульскі раней ужо былі асуджаныя па палітычных артыкулах і прызнаныя палітвязнямі. Для Андрэя Стабулянца - гэта першы прысуд па крымінальным артыкуле.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск