Беларуская Служба

«З мэтай уцягвання ў згубную дзейнасць». Стала вядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць гісторыка Ігара Мельнікава

10.09.2024 17:11
Самога Мельнікава прапагандысты называюць «псеўдагісторыкам». 
Ігар Мельнікаў на судзекрыніца: sb.by

Судовы працэс над гісторыка пачаўся ў Мінгарсудзе. Ігару Мельнікаву закідаюць «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці». 

Мельнікава судзяць за інтэрв'ю неназванаму незалежнаму СМІ, якое ён даў у 2022 годзе. Працэс праходзіць у адкрытым рэжыме. 

Вытрымку з абвінавачвання працытавала «СБ». 

«Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы пра экстрэмісцкую дзейнасць удзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўключэння ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзян, даў ім інтэрв'ю», — заявіў пракурор. 

Адзначаецца, што гісторык даваў каментары СМІ як у Беларусі, так і ў Польшчы. 

Мельнікаў, як паведамляецца, прызнаў віну. Яму пагражае да шасці гадоў калоніі. 

Газета адміністрацыі Лукашэнкі выставіла і свае абвінавачванні на адрас Мельнікава. У рэпартажы гаворыцца, што ён «у сваіх так званых працах адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай…». 

Самога Мельнікава прапагандысты называюць «псеўдагісторыкам». 

У канцы жніўня кнігі Мельнікава «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах» і «На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі», паведамляе «Наша Ніва».

вс