Улады хочуць дазволіць абласным саветам дэпутатаў на пастаяннай аснове ўводзіць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржмяжы. Цяпер гэты падатак дзейнічае як часовая мера.
Мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржмяжы падчас выезду з краіны ўвялі ў 2021 годзе. Ён дзейнічае ў трох абласцях — Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай. Яго трэба плаціць на выездзе ў краіны ЕС, а ў Расію — не. Памер збору вызначаюць абласныя саветы дэпутатаў, ён складае адну базавую велічыню (на сёння гэта 40 рублёў).
У Дзяржпамежкамітэце раней заяўлялі, што гэты збор «скіраваны на барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». І хоць яе пік даўно мінуў, гэты збор па-ранейшаму дзейнічае.
Пры гэтым асаблівасць гэтага збору ў тым, што ён мясцовы, то-бок ідзе ў бюджэт канкрэтнай вобласці. «Збор выплачваецца ў даход бюджэту той вобласці, у якой размешчаны пункт пропуску. Напрыклад, калі выезд запланаваны праз пункт пропуску „Бераставіца“ (Гродзенская вобласць), а аплата збору праведзеная ў бюджэт Брэсцкай вобласці, збор не лічыцца выплачаным», — удакладняюць у Памежным камітэце.
Цяпер гэты падатак не пастаянны, мясцовыя ўлады павінны прымаць рашэнне, падаўжаць яго дзеянне ці не. Да прыкладу, у Гродзенскай вобласці апошні раз яго ўвялі з 1 лютага гэтага года і да 1 студзеня 2025-га. Ці будуць яго падаўжаць, пакуль невядома.
Цяпер чыноўнікі хочуць дазволіць абласным саветам дэпутатаў уводзіць такі збор на пастаяннай аснове.
Люстэрка/ав