Судовы працэс над гісторыкам прайшоў у Мінгарсудзе. Ігара Мельнікава абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Мельнікава судзяць за інтэрв'ю неназванаму незалежнаму СМІ, якое ён даў у 2022 годзе. Працэс праходзіў у адкрытым рэжыме.
Вытрымку з абвінавачвання працытавала «СБ».
«Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы пра экстрэмісцкую дзейнасць удзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўключэння ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзян, даў ім інтэрв'ю», — заявіў пракурор.
Адзначаецца, што гісторык даваў каментары СМІ як у Беларусі, так і ў Польшчы.
Мельнікаў, як паведамляецца, прызнаў віну.
Газета адміністрацыі Лукашэнкі выставіла і свае абвінавачванні на адрас Мельнікава. У рэпартажы гаворыцца, што ён
«у сваіх так званых працах адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай…»
Самога Мельнікава прапагандысты называюць «псеўдагісторыкам».
У канцы жніўня кнігі Мельнікава «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919—1920 гадах» і «На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Ігар Мельнікаў — беларускі гісторык, публіцыст, журналіст, блогер і рэдактар. Аўтар некалькіх кніг пра Заходнюю Беларусь 1920-1940-х гадах. Кандыдат гістарычных навук (абараніўся ў Беларусі), Доктар гістарычных навук (абараніўся ў Польшчы).
Паводле nashaniva.com/вх