Падзея накіравана на аб’яднанне прадстаўнікоў розных сфер грамадскага жыцця для абмеркавання Стратэгіі нацыянальнага адраджэння дэмакратычнай, незалежнай і еўрапейскай Беларусі.
Праграма мерапрыемства ўключае даследчыя прэзентацыі, панэльныя дыскусіі і крэатыўныя сесіі, прысвечаныя ключавым пытанням беларускай ідэнтычнасці, адукацыі, навукі і культуры. Запланаваная праца ў малых групах, што дасць магчымасць удзельнікам дэталёва абмеркаваць прапанаваныя тэмы і распрацаваць сумесныя рашэнні.
Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета, заявіла: «Мы перакананыя, што справа нацыянальнага адраджэння павінна тычыцца ўсіх сфер развіцця грамадства. Летась былі створаныя канцэпцыя і стратэгія нацыянальнага адраджэння, а зараз мы хочам абмеркаваць канкрэтныя рэчы, якія ў нас ёсць у «дарожных картах», каб развіваць іх разам з профільнымі арганізацыямі і ініцыятывамі. Канферэнцыя не факусіруецца толькі на культуры і адукацыі. Мы будзем размаўляць і пра дзяржаўнае кіраванне, і пра ролю жанчын, і пра сілавы блок… Канферэнцыя будзе нефармальнай, крэатыўнай, у фармаце «без гальштукаў». Спадзяёмся, яе вынікі будуць як мага больш практычнымі».
Сярод спікераў — чальцы Кабінета: намеснік кіраўніцы Павел Латушка, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык і яе намеснік Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей, а таксама навукоўцы, культурныя дзеячы і дзяячкі, прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадскіх ініцыятыў, незалежных медыя ды інш..
Крыніца: Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі/юл