На волі - 66-гадовая Зоя Баранава, жыхарка Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Яна была асуджаная па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Падставай для абвінавачвання Баранавай у студзені 2023 сталі яе старонкі ў сацыяльных сетках: там сілавікі знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы, рэпосты з іх, выяву бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», а таксама карыкатуры на Лукашэнку і Пуціна.
Усяго на гэты момант вядома пра вызваленне 37 палітвязняў - гэта ўжо чацвёрты ўказ Лукашэнкі пра памілаванне за гэты год.
Чарговае памілаванне можна назваць чыста сімвалічным - на дзясятак вызваленых улады працягваюць заводзіць амаль сотню крымінальных спраў па палітычных матывах. Паводле маніторынгу праваабаронцаў у Віцебскай вобласці, з пачатку года толькі адміністрацыйных спраў па палітычных артыкулах судамі вобласці разгледжана 394. Пры гэтым за два тыдні верасня разгледжана ўжо 33, што складае сярэднямесячную норму - прыкладна столькі спраў суды Віцебшчыны разгледзелі ў сакавіку, траўні, чэрвені і ліпені.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск