Беларуская Служба

Суд Еўрасаюза адмовіўся здымаць санкцыі з «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі

18.09.2024 13:28
Суд ЕС адмовіў у задавальненні пазоваў «Беларуськалія», гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЕС аб адмене санкцый.
.
Беларуськалій.minskpromstroy.by

Пра гэта гаворыцца ў рашэннях суда, апублікаваных 18 верасня.

Як вынікае з рашэння суда датычна пазову «Беларуськалія», юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаенняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасці. Акрамя таго, у якасці аргументаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэнне прынцыпу не дыскрымінацыі, прапарцыйнасці абмежавальных мераў і інш.

Разгледзеўшы аргументы беларускага боку, а таксама прадстаўнікоў Рады Еўрасаюза і Латвіі і Бельгіі, якія падтрымлівалі Раду ў судзе, суд прыняў рашэнне адхіліць пазоў «Беларуськалія». «Беларуськалій» таксама павінен будзе аплаціць судовыя выдаткі, панесеныя Радай ЭЗ. Латвія і Бельгія самі будуць несці свае выдаткі.

Таксама 18 верасня апублікавалі рашэнні суда па пазовах «Беларускай калійнай кампаніі» і гендырэктара «Беларуськалія» Івана Галатага. Яны таксама дамагаліся адмены рашэнняў аб прымяненні санкцыяў. У гэтых пазовах Раду ЕС падтрымлівала Латвія.

Гэтыя пазовы суд таксама адхіліў. Пазоўнікі павінны будуць пакрыць судовыя выдаткі Рады ЕС.

svaboda.org/вх