Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсій, патрэбная дапамога тут і цяпер, а не калі-небудзь у будучыні

19.09.2024 15:44
Сёння ў Вільні Святлана Ціхнаоўская прэзентавала Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням.
 ,  ,  ,
Андрэй Стрыжак, Вольга Зазулінская, Святлана Ціханоская, Аляксей Лявончыкфота: Тэлеграм С.Ціханоўскай

Мерапрыемства прайшло ў фармаце прэс-канферэнцыі, удзел у якой узялі прадстаўнікі арганізацыяў гуманітарнай падтрымкі ў Беларусі: Вольга Зазулінская (фонд «Краіна для жыцця»), Андрэй Стрыжак (фонд BYSOL), Аляксей Лявончык (фонд ByHelp).

-Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, патрэбная дапамога. Тут і цяпер, а не ў будучыні. Патрэбная яна і тым, хто выйшаў з засценкаў нядаўна, і сем’ям тых, хто застаецца ў няволі. І я спадзяюся, што ў першую чаргу дапамога будзе аказвацца тым, хто ўнутры краіны. Гуманітарны фонд будзе такім «кошыкам», куды ўсе, каму неабыякавая Беларусь, змогуць ахвяраваць. Гэта можа быць і ўрад, і міжнародная арганізацыя, і мецэнат. Гэты фонд ствараецца ні ў якім разе не замест цяперашніх праграмаў дапамогі, а ў дадатак да іх, - сказала Ціханоўская.

Паводле яе, у працы фонду вельмі важныя празрыстасць і ашчаднасць. Рэпутацыя арганізацыі мае вялікае значэнне. Ніхто не павінен ставіць пад сумнеў, што дапамога пайшла па прызначэнні і сапраўды тым, каму яна патрэбная.

- Кіраванне арганізацыяй будзе калектыўным. Праваабаронцы і гуманітарныя ініцыятывы будуць разам прымаць рашэнні аб накіроўванні сродкаў. Наглядаць за працай будзе Назіральная рада: эксперты, прадстаўнікі медыясупольнасці і замежныя дыпламаты. Аб’яднаны Пераходны Кабінет ці Офіс умешвацца ў працу фонду не могуць і не будуць.

Дапамога рэпрэсаваным не замяняе працы па вызваленні палітвязняў. Гэта напрамкі, якія мы вядзём адначасова. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага і кожнай. Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій – наша задача і прыярытэт, - сказала Ціханоўская.