Беларуская Служба

У Пінску за «ўдзел у пратэстах» будуць судзіць журналіста Яўгена Нікалаевіча

20.09.2024 11:15
Нікалаевіч чатыры гады таму супрацоўнічаў з рэгіянальным выданнем «Медыя-Палессе» ў якасці відэааператара.
 .
Яўген Нікалаевіч. Фота: «Медиа-Полесье»

26 верасня ў судзе горада Пінска і Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць) пачнецца судовы працэс у дачыненні да журналіста Яўгена Нікалаевіча, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

БАЖ адзначае, што Нікалаевіч чатыры гады таму супрацоўнічаў з рэгіянальным выданнем «Медыя-Палессе» ў якасці відэааператара і атрымаў рэдакцыйнае заданне асвятляць пратэсты, якія адбыліся ў горадзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер яму ставяць у віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Паведамляецца, што яго затрымлівалі 10 жніўня 2020 г. Падчас выканання прафесійных абавязкаў. Відавочцы тых падзеяў сцвярджаюць, што супрацоўнікі міліцыі спачатку збілі журналіста ў туалеце Пінскага гарвыканкама, а потым у аўтазаку.

Пасля затрымання Яўгена Нікалаевіча прывезлі ў Пінскі ГАУС, пасля ён трапіў у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання, а неўзабаве быў чамусьці адвезены ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах (там сілавікі размясцілі частку затрыманых).

Людзі, якія бачылі журналіста праз тыдзень пасля затрымання, расказвалі, што на яго твары ўсё яшчэ заставаліся наступствы збіцця сілавікамі. Выданне «Медыя-Палессе» таксама пісала тады пра пашкоджанае вока свайго супрацоўніка.

Апошні відэасюжэт аўтарства Нікалаевіча, які даступны на сайце выдання, пазначаны чэрвенем 2021 года. Ці заставаўся ён апошнім часам у журналістыцы — невядома, адзначае БАЖ.

Паводле інфармацыі БАЖ, у няволі знаходзяцца 33 прадстаўнікі медыя.

вх