Паводле апошніх звестак, якія сабрала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі зведала звыш 3,5 тыс. украінскіх дзяцей з больш чым 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта паведаміў «Позірку» кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком самаабвешчанай «данецкай народнай рэспублікі» Дзянісам Пушыліным, якая адбылася 19 верасня.
Раней называлася лічба 2,5 тыс. дзяцей.
На перамовах з сепаратыстам Лукашэнка зноў прызнаў, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь, аднак нібыта з высакароднымі мэтамі: «Мы дзетак вашых заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак. Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі (верагодна, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, які пакуль не выдаў ордэр на арышт Лукашэнкі. — «Позірк».), што мы крадзем, выяўляецца, вашых дзяцей. Ну так я прапанаваў і Украіне, і амерыканцам: калі ласка, прыязджайце, знайдзіце хоць адно ўвараванае дзіця. Гэта не нашыя прынцыпы».
«Лукашэнка не ўпершыню публічна прызнаецца ў факце здзяйснення ваеннага злачынства — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі», — заявіў «Позірку» Латушка.
аз