Беларуская Служба

Літоўскі юрыст шпіёніў для беларускага КДБ

21.09.2024 09:46
Юрыст прапаноўваў дапамогу беларускім і ўкраінскім уцекачам, збіраў інфармацыю пра фінансы беларускіх і ўкраінскіх арганізацый.
Мантас Данелюскрыніца: Радыё Свабода

Суд у Вільні прысудзіў юрыста Мантаса Данелюса да 9 гадоў турмы за шпіянаж на карысць КДБ Беларусі, піша «Радыё Свабода».

Абвінавачанне зрабіла выснову, што беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева інструктавала Данелюса, якую інфармацыю збіраць. Найбольш яе цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, шляхі эвакуацыі людзей з Беларусі, вучэнні добраахвотнікаў палка Каліноўскага і гэтак далей.

Данелюса таксама прызналі вінаватым у спробах уплываць на сведкаў. Пасля яго вызвалення з-пад арышту да суда, ён напісаў аднаму са сведкаў, што «точыць сякеру». Пасля гэтага літоўца зноў арыштавалі.

У апошнім слове літовец папрасіў суд яго апраўдаць.

Паліцыя затрымала Данелюса 28 верасня 2022 года па падазрэнні ў зборы і перадачы інфармацыі КДБ. Юрыст прапаноўваў дапамогу беларускім і ўкраінскім уцекачам, збіраў інфармацыю пра фінансы беларускіх і ўкраінскіх арганізацый і дапамогу, якую аказваюць Украіне, а таксама спрабаваў «процідзейнічаць» беларусам і ўкраінцам у Літве.

яс