Беларуская спартсменка, чэмпіёнка ў тайскім боксе, актывістка Марына Зялёная, якая жыве ў Грузіі 20 верасня падала ў Тбіліскі гарадскі суд скаргу на адмову дэпартаменту міграцыі даць ёй і ейнаму 6-гадоваму сыну прытулак.
Пра падачу скаргі беларуска паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што заўважыў Белсат.
«Мы будзем асвятляць усе крокі, якія робім. Усім беларусам, якія падаюцца на міжнародную абарону, я раю не адчайвацца і спадзявацца на паспяховае развязанне вашых справаў», – кажа спартоўка.
Марына Зялёная ўцякла ў Грузію разам з малым дзіцём ад пераследу ў Беларусі ўвесну 2023 года. У студзені 2024-га яна з сынам, у якога заканчваўся тэрмін дзеяння пашпарта, падалася на міжнародную абарону. Праз 9 месяцаў прыйшла адмова.
Грузія адмовіла Марыне Зялёнай і ейнаму сыну ў міжнароднай абароне з фармулёўкай «вы адпавядаеце крытэрам Жэнеўскай канвенцыі аб правах уцекачоў 1951 года, але не падыходзіце з пункту гледжання Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі».
З гэткай жа фармулёўкаю Грузія сёлета адмовіла ў прытулку юрысту, праваабаронцу Раману Кісляку. 9 верасня ён таксама падаў скаргу ў Тбіліскі гарадскі суд.
На міжнародную абарону ў Грузіі на верасень падаліся больш за 60 беларусаў. Ніводнае прашэнне не было ўхваленае, аднак некалькі чалавек атрымалі адмову, за апошні час – прынамсі чатыры сям’і.
16 верасня ў Грузію не ўпусцілі беларускага журналіста Андрэя Мялешку разам з дзіцём. Сям'я пражыла ў Батумі тры гады. З аэрапорту ў Кутаісі Андрэя са старэйшаю дачкою дэпартавалі ў Польшчу, жонка журналіста з малодшаю дачкою засталіся ў Грузіі.
яс