У гэтым навучальным годзе ў школах Беларусі пачнуць праводзіць «інфармацыйныя гадзіны па пытаннях выбарчага права», паведамляе Свабода са спасылкай на прэс-службу ЦВК. Заняткі пачнуцца ўжо восенню.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі ўжо падрыхтавала адпаведны метадычны дапаможнік, паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Таксама выдалі серыю кніг і брашур, прысвечаных выбарам.
«Калі мы гаворым пра павышэнне даверу выбаршчыкаў да выбарчай сістэмы, умацаванне гэтага даверу, дык, вядома, трэба працаваць з моладдзю, — заявіў Карпенка, яго цытуе БелТА. — Навучаючыся ў школе, у 13-14 гадоў многія з падлеткаў толкам не ведаюць, што такое выбары і для чаго яны праводзяцца. У сувязі з гэтым мы сумесна з Мінадукацыі запускаем новы праект літаральна з восені гэтага году ва ўсіх школах краіны», — дадаў ён.
На думку Карпенкі, гэта дапаможа школьнікам у будучыні «свядома пайсці на выбарчыя ўчасткі», калі яны ўпершыню пойдуць галасаваць.
Наступныя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 году.
нг