Беларуская Служба

Лукашэнка запрасіў у Беларусь кіраўніка азіяцкай вайсковай хунты

22.09.2024 12:03
Генерал-узурпатар знаходзіцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі.
.
А. Лукашэнка Фота: Drop of Light/shutterstock

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэм'ер-міністра і старшыню Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета М'янмы Мін Аун Хлайна з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж дзвюма краінамі, а таксама запрасіў яго ў госці, паведамляе прэс-служба дыктатара.

Лукашэнка зазначыў, што будзе рады «вітаць Мін Аун Хлайна ў найбліжэйшы час на гасціннай беларускай зямлі, каб абмеркаваць пытанні двухбаковага парадку дня і вызначыць планы на будучыню», — піша прэс-служба.

Нагадаем, 2 лютага 2021 года ў М'янме пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі старэйшага генерала Мін Аун Хлайна быў учынены вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты, што перараслі ў грамадзянскую вайну. Улада перайшла да вайсковай хунты.

На ацэнкі арганізацыі Аrmed Conflict Location & Event Data, на 24 чэрвеня 2022 года ў выніку гвалту пасля перавароту агулам была забітая амаль 21 тысяча чалавек.

У М'янме, таксама як і ў Беларусі, існуе працэдура пазбаўлення грамадзянства. Акрамя таго, М'янма і Беларусь - адзіныя краіны, у дачыненні да якіх Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю аб прымяненні артыкула № 33 свайго Статута, такім чынам заклікаўшы сусветную супольнасць да перагляду адносін з іх уладамі.

М'янма, у якой устаноўлена жорсткая дыктатура, абкладзена санкцыямі і знаходзіцца ў практычна поўнай міжнароднай ізаляцыі. Прычым абмежаванні супраць уладаў Беларусі звязаныя і з гэтай дзяржавай. Напрыклад, Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць асоб і арганізацый, якія садзейнічалі пастаўкам зброі і абсталявання для ўзброеных сіл М'янмы з Расіі і Беларусі.

Паводле Хартыя'97

нг