Беларуская Служба

ЕАБР: Зніжэнне тэмпаў вытворчасці ў сельскай гаспадарцы – прычына запаволення росту эканомікі Беларусі

23.09.2024 13:01
Міжнародныя ўстановы чакаюць росту беларускай эканомікі на ўзроўні ад 1,2% да нават 4%.
Сельская гаспадарка pixabay.com/CCO

Еўразійскі банк развіцця звязвае замаруджванне росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі (з 5,5% ў гадавым вымярэнні ў студзені - ліпені да 4,9% у студзені - жніўні) з сітуацыяй у сельскагаспадарчай сферы, паведамляе «Позірк».

«Праз ранні пачатак уборачнай кампаніі збор збожжавых істотна перавысіў леташні ўзровень у чэрвені - ліпені, і апынуўся прыкметна ніжэй у жніўні», - чытаем у макрааглядзе ЕАБР.

Аналітыкі адзначылі, што прамысловасць застаецца «найважнейшым драйверам эканомікі», забяспечыўшы 2 працэнтныя пункты прыросту ВУП «на фоне павелічэння выпуску на 7,1% г/г у студзені - жніўні пасля 7,5% г/г у студзені - ліпені».



Раней Нацыянальны статыстычны камітэт прадставіў першую ацэнку, паводле якой ВУП Беларусі за студзень - жнівень года склаў 158,4 млрд рублёў - гэта на 4,9% больш (у супастаўных цэнах), чым за аналагічны перыяд 2023 года.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%.

Міжнародны валютны фонд чакае рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2,4%, Сусветны банк - 1,2%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця - 2,8%, даследчы цэнтр BEROC - 4%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця - 3,7%.

аз

USAID адкрыла офіс для Беларусі ў Вільні

20.09.2024 13:30
У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка закрыў офіс амерыканскага агенцтва ў Беларусі.