На сустрэчы са сваімі прыхільнікамі ў Вільні расійскі апазіцыянер Ілля Яшын, які выйшаў на свабоду ў выніку маштабнага абмену, агучыў сваю версію прычын паэтапнага выхаду палітвязняў у Беларусі. «Наша Ніва» піша, што ён згадаў нядаўнія памілаванні, калі Лукашэнка адпускаў людзей партыямі па 30 чалавек:
- Як мне растлумачылі, ён літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблемы з «Белавія», і яму трэба чыніць самалёты, але ён не можа атрымаць неабходныя дэталі з-за санкцыяў.
Але зразумела, што ні Марыю Калеснікаву, ні Сяргея Ціханоўскага, ні Віктара Бабарыкі ён ні на якія дэталі не абмяняе. Ну, значыць, няхай Пуцін на яго націсне. Яны там потым разбяруцца, – дадаў Яшын.
З гэтай гісторыі, калі версія расійскага апазіцыянера дакладная, напрошваецца адразу некалькі высноў – адзначае сайт «Салідарнасць».
Самалёты «Белавія» некалькі разоў за апошнія два гады траплялі ў стужку навін у сувязі з вымушанымі пасадкамі. Апошні такі інцыдэнт адбыўся ў ліпені гэтага года, калі самалёт кампаніі, які выконваў рэйс з Мінска ў Кутаісі, незапланавана прызямліўся ў Астрахані з-за адмовы аднаго з рухавікоў.
Акрамя таго, у жніўні гэтага года ў санкцыйныя спісы ЗША быў унесены Boeing 767-300 з рэгістрацыйным нумарам EW-001pb. Цяпер пад амерыканскімі санкцыямі знаходзіцца ўвесь авіяпарк, які выкарыстоўвае кіраўнік Беларусі.
Такім чынам, версія Іллі Яшына выглядае цалкам абгрунтаванай і рэалістычнай. Сярод іншага, яна дае падставу паразважаць над прычынамі з'яўлення на экранах прапаганды сюжэту з удзелам Юрыя Зянковіча, які выклікаў сустрэчную заяву часовага паверанага ЗША ў Беларусі.
У святле слоў Яшына інтэрвʼю з палітвязнем, які зʼяўляецца грамадзянінам ЗША, выглядае, як бы цынічна гэта не прагучала, перадпродажнай падрыхтоўкай. Ці не ідзе размова аб абмене замучанага палоннага рэжыму на борт №1?
Версія аб абмене заложнікаў рэжыму на дэталі для самалётаў разбурае адзін з галоўных наратываў прапаганды, які сцвярджае, што заходнія санкцыі не працуюць. Падобна, як мінімум у некаторых сферах яны вельмі нават адчувальныя, і змушаюць афіцыйны Мінск ісці на непрыемныя для яго крокі.
Калі гэта пацвердзіцца, то ў прыхільнікаў ідэі ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітвязняў зʼявіцца дадатковы аргумент для адстойвання сваёй пазіцыі.
І нарэшце, сцвярджэнні Яшына каторы раз дэманструюць кошт слоў Лукашэнкі і ягонага атачэння. Чараду вызваленняў палітвязняў на афіцыйным узроўні тлумачаць у тым ліку і гуманітарнымі матывамі.
А дзяржагенцтва БЕЛТА, якое ператварылася ў аднаго з галоўных рупараў прапаганды, пашырыла гэтыя рамкі:
- Тут неабходна разумець, што рашэнне аб памілаванні – гэта не толькі жэст гуманізму з боку дзяржавы. Гэта яшчэ і дэманстрацыя даверу. Прэзідэнт адкрыў крэдыт даверу тым, хто спатыкнуўся, але зразумеў памылкі і раскаяўся. Ён даў магчымасць гэтым людзям зноў стаць часткай грамадства, каб разам вызначаць лёс нашай краіны.
А што на справе? Ніякага гуманізму, just business.
нг