«Google не лічыць беларускую мову дазволенай на сваіх камерцыйных пляцоўках для рэкламы», - сцвярджаюць ініцыятары петыцыі. Каб выправіць гэта, беларусы сабралі амаль 35 тысяч подпісаў, паведамляе «Свабода».
Петыцыя заклікае да вырашэння асноўных праблем, з якімі сутыкаюцца беларускамоўныя карыстальнікі:
- Google Ads не дазваляе рэкламаваць бізнес на беларускай мове. І нават не дазваляе выкарыстоўваць у рэкламе гіперспасылкі на беларускамоўныя сайты;
- Вельмі цяжка ці немагчыма прайсці мадэрацыю ў сэрвісе платнай рэкламы Google Ads для відэа на YouTube з беларускамоўным запісам.
«Усе спробы вырашыць праблему праз службу падтрымкі Google Ads не далі выніку(…) Думаю, гэта можна назваць дыскрымінацыяй паводле мовы і парушэннем правоў чалавека», - сцвярджае ініцыятар петыцыі Дзмітры Бурдыка.
Ён дзеліцца сваім уласным досведам, калі спробы запусціць рэкламу на беларускай мове блакуюцца: «Не падтрымліваецца мова. Рэклама і мэтавыя старонкі на мове, якая не падтрымліваецца моўным таргетынгам Google Ads, забароненыя». У выніку такой палітыкі Google Ads ніхто не можа запусціць рэкламу на беларускай мове, кажа ён.
Петыцыя была створаная яшчэ ў 2020 годзе, заяўленая мэта - 35 тысяч подпісаў. На гэты момант зварот падпісалi 34 577 чалавек.
Ads (раней вядомы як AdWords) - сэрвіс кантэкстнай рэкламы ад кампаніі Google, які прадстаўляе інтэрфейс і мноства інструментаў для стварэння эфектыўных рэкламных паведамленняў. Ads — флагманскі рэкламны праект Google і асноўная крыніца даходаў кампаніі.
Летась Святлана Ціханоўская абмяркоўвала з рэгіянальным прадстаўніцтвам YouTube у Берліне падтрымку беларускай мовы, прасоўванне беларускага кантэнту і бракаванне прапаганды рэжыму. Прадстаўніца YouTube Сабіна Франк запэўніла, што платформа разглядае магчымасць падтрымкі беларускай мовы ў Google Ads.
аз