Беларуская Служба

У Беларусі ўспышка выпадкаў пнеўманіі, у бальніцах шмат пацыентаў

26.09.2024 17:01
Сёлета выпадкаў захворванняў на Covid-19 значна больш, чым было ў аналагічны перыяд мінулага года, кажуць лекары.
Здымак мае ілюстрацыйны характарfernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэтым летам у беларускія бальніцы трапляла шмат людзей з пнеўманіяй, што не характэрна для гэтага час, паведамляе «Наша Ніва».



«Па назіраннях, пік пачаўся ў жніўні. Звычайна спачатку людзі скардзяцца на агульнае недамаганне, кашаль, тэмпературу каля 38, якая не спадае цягам 3-5 дзён. У некаторых праяўляюцца ваніты і млоснасць», — тлумачыць у размове з выданнем доктар, які працуе ў бальніцы.

Па словах медыкаў, тэсты далёка не заўсёды вызначаюць, што ў чалавека менавіта Covid-19, але па ўсіх сімптомах відаць, што гэта ён.



Таксама суразмоўца адзначае, што такая колькасць выпадкаў пнеўманіі, якая назіралася гэтым летам, не характэрная для гэтага перыяду.

«Цяпер агулам стаўленне да кавіду не такое, як было 2-3 гады таму, бо ўсе разумеюць, што ён нікуды ўжо ад нас не дзенецца».

Нягледзячы на тое, што колькасць захворванняў з пнеўманіяй вялікая, доктар адзначае, што смяротнасць, на шчасце, ад цяперашніх штамаў нізкая. Але вірулентнасць у іх вельмі высокая, нярэдка ў сем'ях хварэюць адразу па некалькі чалавек.

«Таксама можна адзначыць, што калі раней дзеці хварэлі на кавід значна радзей, то цяпер аднолькава шмат выпадкаў як сярод дарослых, так і сярод дзяцей».

Доктар з паліклінікі таксама пацвярджае, што недзе з другой паловы лета пачаў назірацца рост захворванняў. Але паколькі масавае тэставанне ўжо не практыкуюць, вызначыць рэальную колькасць хворых на Covid-19 немагчыма.

Пра рост захворванняў на кавід згадваюць і на афіцыйным узроўні. Загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў заявіў, што ў краіне адзначаецца павелічэнне колькасці выпадкаў захворвання Covid-19.

аз