Беларуская Служба

Беларусь - сярод найбуйнейшых пастаўшчыкоў угнаенняў у Польшчу

07.10.2024 14:45
У сезоне 2022/2023 на польскім рынку ўгнаенняў доля імпарту з Расіі і Беларусі дасягнула ажно 56 працэнтаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

У першым паўгоддзі 2024 года найбуйнейшым замежным пастаўшчыком азотных і калійных угнаенняў у Польшчу з’яўляецца Расія. Яе доля склала амаль траціну ўсяго імпарту гэтай прадукцыі ў Польшчу, паведамляе старонка wiescirolnicze.pl са спасылкай на Ведамства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі.

Старонка нагадвае, што міжнародныя санкцыі не ўключаюць, сярод іншага, угнаенняў, якія імпартуюцца як з Расіі, так і з Беларусі. Пры тым, імпарт за мінулы год павялічыўся ўдвая. У сезоне 2022/2023 на польскім рынку ўгнаенняў доля імпарту з Расіі і Беларусі дасягнула ажно 56 працэнтаў. І, як паказваюць апошнія звесткі, у агульным польскім імпарце сёлета таксама пераважаюць угнаенні з Расіі.



Паводле апошніх дадзеных, якія нядаўна прадставіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Міхал Каладзейчак, папярэдні аналіз паказаў, што ў першай палове 2024 года Польшча імпартавала 1 мільён 931 тысячу тон мінеральных угнаенняў. Найбольш з Расіі - 564 тысячы тон, што склала 29,2% ад агульнага аб'ёму імпарту. На другім месцы апынулася Германія - з доляй 20,8%, на трэцім месцы Літва – 7,6%. Наступныя пазіцыі займаюць Беларусь (6,9%), Марока (4,9%) і Нідэрланды (4,1%).

„У першым паўгоддзі 2024 года Расія была найбуйнейшым замежным пастаўшчыком азотных угнаенняў у Польшчу (перад Германіяй, Беларуссю, Літвой, Алжырам, Венгрыяй, Нідэрландамі, Казахстанам і Нігерыяй), другім пасля Германіі (але перад Канадай, Вялікабрытаніяй, Кітаем, Іспаніяй, Іарданіяй і Ізраілем) пастаўшчыком калійных угнаенняў, а таксама другім пастаўшчыком шматкампанентных угнаенняў пасля Марока (але перад Фінляндыяй, Нідэрландамі, Літвой, Беларуссю і Нарвегіяй)”, - паведаміў віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Міхал Каладзейчак, у адказ на дэпутацкі запыт.

Між тым, як паведамляе старонка, прадстаўнікі сектара ўгнаенняў ужо папярэдзілі, што далейшае павелічэнне імпарту ўгнаенняў з Расіі і Беларусі можа прывесці да выцяснення з рынку польскіх вытворцаў, а пасля ліквідацыі ўласнай вытворчасці - павышэння коштаў на ўгнаенні.

аз