Беларуская Служба

КДБ вярбуе актывістаў унутры Беларусі, хто для іх цікавы найперш?

22.10.2024 13:06
КДБ вярбуе актывістаў унутры Беларусі, хто для іх цікавы найперш?
Ілюстрацыйнае фотаФота: TUT.BY

«Наша Ніва» на аснове размоваў з людзьмі ў Беларусі высветліла, каго цяпер спрабуюць завербаваць для супрацы КДБшнікі.

Журналісты пішуць, што ім вядомыя прынамсі чатыры выпадкі, калі людзей, якія раней былі актывістамі недзяржаўных арганізацый ці якія да апошняга займаліся непалітычнай грамадскай дзейнасцю ў Беларусі, арыштоўвалі і садзілі на суткі ў Беларусі. І падчас адбыцця адміністратыўнага арышту іх шантажавалі аператыўнікі КДБ, ставячы перад выбарам: або вярбоўка, або надуманая крымінальная справа.

Што аб'ядноўвае ўсе чатыры выпадкі? Адпрацоўваюцца ініцыятывы, якія зусім не звязаныя з палітыкай і ніколі не былі звязаныя з палітыкай: экалогія, адукацыйныя, студэнцкія і жаночыя ініцыятывы.

Падчас вярбовачнай размовы некаторым з людзей расказваюць, быццам бы недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі хочуць адрадзіць свае структуры да выбараў, каб «разгойдваць грамадства».

Дзяржбяспеку цікавіць, хто ўваходзіць у тую ці іншую ініцыятыву, як людзі камунікуюць з актывістамі, якія пераехалі за мяжу, як фінансуюцца арганізацыі, як даходзяць у краіну грошы.

Асабліва спецслужбістаў цікавіць Полк Каліноўскага і структуры, блізкія да Офіса Святланы Ціханоўскай.

Характэрна, што мэта размоваў, ці допытаў, як гэта ні называй, цяпер амаль заўсёды — вярбоўка.

У вядомых выпадках, нават калі чалавек не ведаў ці з нейкіх прычынаў не даваў інфармацыі, якая цікавіць КДБ, гэта не прыводзіла да крымінальнага пераследу. «Мы не ведаем, ці ёсць выпадкі, калі праследавалі некага з тых, у каго не атрымалася супрацоўніцтва з КДБ ці хто адмовіўся падпісаць паперу пра супрацоўніцтва», пішуць аўтары артыкула.

16 кастрычніка Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што апошні месяц КДБ «выклікае на размовы» і затрымлівае людзей, якія маюць дачыненне да розных ініцыятыў і праектаў, што легальна працуюць у Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам, гэта адбываецца ў розных кутках краіны і з праектамі рознай накіраванасці.

Адным з фактараў, што аб'ядноўвае ўсе гэтыя кейсы, з'яўляецца тое, што сілавікі хочуць схаваць рэпрэсіі ад грамадства — людзям пагражаюць, што калі інфармацыя пра пераслед трапіць да праваабаронцаў і СМІ, то ў дачыненні да іх будуць распачатыя крымінальныя справы.

Праваабаронцы маюць спіс арганізацый і праектаў, якія трапілі пад рэпрэсіі КДБ, але не публікуюць яго ў мэтах бяспекі.

вх