Самалёт авіякампаніі, якая дастаўляла мігрантаў у Беларусь для выкарыстання іх у гібрыднай вайне супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, пасля чатырохмесячнага перапынку зноў з'явіўся ў Мінску. Самалёт прыляцеў з Дамаска.
Гэта Airbus A320-232 (YK-BAC) прыватнай сірыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines. Нумар яго рэйса быў SAW423.
Апошні раз авіякампанія Cham Wings дастаўляла мігрантаў у Мінск 12 лістапада 2021 года. Гэтая авіякампанія знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Украіны і Швейцарыі і займаецца перавозкай зброі і баевікоў ПВК «Вагнер».
Днямі Генштаб Войска польскага нагадаў, што Расія і Беларусь арганізоўвалі атакі мігрантаў на польскую мяжу перад уварваннем ва Украіну. Гэтая аперацыя першапачаткова мела кодавую назву «Шлюз». Яны эксплуатавалі мігрантаў, выкарыстоўваючы іх як зброю ў гібрыднай вайне.
Міграцыйны ціск таксама суправаджаецца прапагандысцкай і дэзінфармацыйнай дзейнасцю. Беларусь і Расія адмаўляюць тое, што яны з'яўляюцца арганізатарамі і кіраўнікамі гэтай практыкі, і кажуць пра стыхійныя перамяшчэнні людзей на мяжы, адзначалася ў заяве Генштаба Войска польскага.
Паводле IAR/вх