Выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня 2025 года, паведамляецца ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў.
«Адпаведнае рашэнне прынята сёння дэпутатамі», — гаворыцца ў рэлізе.
Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Дэмсілы краіны неаднаразова заяўлялі, што будуць дамагацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.
Раней аб’яднанне былых сілавікоў Belpol паведамляла, што яны запланаваны на 23 лютага.
Аляксандр Лукашэнка да гэтага часу неадназначна выказваўся наконт свайго ўдзелу ў выбарах 2025 года. Аднак з пачатку гэтага месяца ён кожную суботу наведвае раёны і выступае на фестывалях «Дажынкі» з прамовамі, якія можна ахарактарызаваць як перадвыбарныя.
19 кастрычніка ў Валожыне (Мінская вобласць) ён зазначыў, што яго паездкі па раёнах Беларусі не з’яўляюцца часткай перадвыбарнай кампаніі.
«Запомніце: больш за ўсё, чаго б я не хацеў, каб гэтая кампанія пачыналася. Так, мы, як звычайна, па-беларуску, чыста, акуратна, на вачах усёй сусветнай супольнасці выбярэм свайго прэзідэнта. Вы вылучыце таго, хто гэтага заслугоўвае — з вашага пункту гледжання. Таму ніякай перадвыбарнай кампаніі».
Папярэднія выбары адбыліся 9 жніўня 2020 года.
27 жніўня 2020 года Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю вядучаму тэлеканала «Расія» Сяргею Брылеву заявіў, што па просьбе Лукашэнкі ў РФ быў сфарміраваны «пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў» для аказання дапамогі беларускім сілавікам у выпадку, калі б яна спатрэбілася.
У апублікаваным 22 кастрычніка гэтага года інтэрв’ю «РІА Новости» пасол РФ у Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што Расія «ў рамках сваіх абавязацельстваў» акажа Мінску «дапамогу і падтрымку» ў выпадку «спроб дэстабілізацыі сітуацыі» падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, калі пра гэта папросіць беларускі бок.
Pozirk.Online/яс