Беларуская Служба

Сярэдняя заработная плата ў Віцебскай вобласці працягвае падаць

25.10.2024 14:03
Падзенне сярэдняй заработнай платы ў рэгіёне фіксуецца другі месяц запар.
Беларускія рубліpozirk.online

У ліпені гэтага года намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласці ўпершыню пераваліла парог у 2000 рублёў і склала 2 008 рублёў 20 капеек. Аднак ужо ў жніўні статыстыка адзначыла зніжэнне сярэдняй заработнай платы ў рэгіёне да 1998 рублёў 40 капеек.

У верасні, як стала вядома з апублікаванага паведамлення Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, сярэдняя заработная плата склала 1963 рублі 90 капеек.

У параўнанні са жніўнем зарплата на Віцебшчыне зменшылася на 34 рублі 50 капеек або 1,7%, а ў параўнанні з ліпенем — на 44 рублі 30 капеек або 2,2%.

Пры гэтым цэны на Віцебшчыне працягваюць расці. Цэны на прадукты сёлета ў верасні выраслі на 7,7% — у параўнанні з вераснем 2023 года. Нехарчовыя тавары падаражэлі за год на 4,3%, рост цэн на паслугі склаў 5,4%.

Ніжэй, чым у Віцебскай вобласці, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў толькі ў Магілёўскай вобласці, дзе яна склала 1949 рублёў 80 капеек.

Больш за ўсё ў Беларусі атрымліваюць у Мінску — 3058 рублёў 30 капеек — у 1,6 раза больш, чым на Віцебшчыне.


Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск