Беларуская Служба

МЗС Латвіі паведамляе аб затрыманні 26 жыхароў дзяржавы ў Беларусі, удвая менш – у Расіі

28.10.2024 11:43
Ведамства рэкамендуе адмовіцца ад паездак у Беларусь і Расію.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/360b

Міністэрства замежных спраў (МЗС) валодае інфармацыяй аб 26 арыштаваных у Беларусі жыхарах Латвіі, паведаміла агенцтву LETA прэс-сакратар МЗС Дыяна Эглітэ.

Яна падкрэсліла, што прадстаўніцтва Латвіі ў Віцебску аказвае ім неабходную і магчымую консульскую падтрымку, але такая дапамога ўскладнена з-за адсутнасці вяршэнства закона ў гэтай краіне, а таксама змяншэння магчымасці супрацы з Беларуссю ў сферы правасуддзя і іншых галінах пасля ўварвання Расіі ва Украіну.

Эглітэ адзначыла, што ў Беларусі не выконваецца прынцып незалежнасці судовых органаў, што значна павышае рызыку ўзнікнення фіктыўных спраў супраць грамадзян ЕС. У сувязі з гэтым і іншай рызыкай бяспекі, МЗС настойліва рэкамендуе грамадзянам Латвіі не ездзіць у Беларусь.

Прэс-сакратар МЗС таксама дадала, што пасольства Латвіі ў Расіі атрымала інфармацыю аб 13 затрыманых у 2024 годзе. Паводле слоў Эглітэ, пасольству Латвіі ў Расіі таксама складана аказваць консульскую дапамогу грамадзянам Латвіі, і ў пасольства абмежаваныя магчымасці для супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі.

Акрамя таго, паводле слоў прадстаўніка МЗС, інфармацыя аб затрыманых у Расіі латвійскіх грамадзянах часта не прадастаўляецца. Улічваючы напружаную сітуацыю ў сферы міжнароднай бяспекі і непрадказальныя ўнутрыпалітычныя падзеі ў Расіі, МЗС зноў звяртаецца да грамадзян Латвіі з заклікам устрымацца ад паездак у Расію.

Паводле Delfi.lv

нг