Беларуская Служба

Старшыня Сенату Польшчы заклікала Сербію забяспечыць свабоду Андрэю Гнёту

28.10.2024 13:05
У лісце Малгажата Кідава-Блоньска звярнула ўвагу на тое, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў супраць грамадзян выклікаюць пастаянную занепакоенасць у свеце.
Рэжысёр Андрэй Гнёткрыніца: сацыяльныя сеткі Андрэя Гнёта

Старшыня Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска накіравала адпаведны зварот да спікеркі сербскага парламента Аны Брнабіч з просьбай разгледзець справу Андрэя Гнёта. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«(...) Большасць краін Еўропы і свету бачаць у гэтых абвінавачаннях зручны камуфляж для дзеянняў аўтарытарных беларускіх уладаў, якія імкнуцца выкарыстоўваць міжнародныя паліцэйскія інстытуты для ўмацавання свайго становішча і падаўлення імкнення сваіх грамадзян да свабоды», – напісала Кідава-Блоньска ў лісце. 

Напісанню зварота папярэднічала сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, лідара фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» ў Каардынацыйнай радзе Беларусі Паўла Латушкі са старшынёй польскага Сенату. Падчас гэтай сустрэчы Латушка звярнуў увагу на сітуацыю з беларускім журналістам і актывістам, а таксама сузаснавальнікам SOS.BY, які больш за год знаходзіцца пад арыштам у Сербіі і якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, дзе яго могуць пераследаваць па палітычных прычынах.

У лісце Малгажата Кідава-Блоньска звярнула ўвагу на тое, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў супраць грамадзян, гэтак жа як і расійская агрэсія супраць Украіны, выклікаюць пастаянную занепакоенасць у свеце. Яна заклікала забяспечыць Андрэю Гнёту і іншым палітычным уцекачам з Беларусі ўзровень бяспекі і свабоды, якія адпавядаюць дэмакратычным стандартам прававых дзяржаў, такім як Польшча і Сербія.

Андрэй Гнёт знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам у Сербіі. Да гэтага цягам больш сямі месяцаў ён быў вымушаны правесці ў белградскай турме.

Андрэя Гнёта затрымалі ўвосень 2023 года на запыт беларускіх уладаў, якія абвінавачваюць рэжысёра ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, у той час як насамрэч пераследуюць яго паводле палітычных матываo.

вс