Беларуская Служба

У Маскве судзяць беларуса, якога вінавацяць у падрыве цягнікоў на БАМ

29.10.2024 13:59
Выбухі цягнікоў у тунэлі БАМа кваліфікавалі як тэракт.
Паўночнамуйскі тунэлькрыніца: topcor.ru

Басманны суд Масквы працягнуў тэрмін утрымання пад вартай беларусу Сяргею Ерамееву, які абвінавачваецца ў тэрактах на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), піша ТАСС, што заўважыла «Люстэрка».

«Суд задаволіў хадайніцтва следства і падоўжыў тэрмін утрымання пад вартай Ерамееву», — сказалі агенцтву ў судзе. Арышт працягнуты на тры месяцы.

Нагадаем, увечары 29 лістапада на перагоне Ітыкіт — Акусікан падчас руху па Паўночнамуйскім тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка, у склад якога ўваходзіла 41 цыстэрна з палівам, тры з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам.

Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў.

Выбухі цягнікоў у тунэлі БАМа кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расіі паведаміла аб затрыманні ў Омску падазраванага ў тэракце грамадзяніна Беларусі, які «даў прызнальныя паказанні аб рабоце пад кантролем украінскіх спецслужбаў».

На судзе стала вядома, што гэта Сяргей Ерамееў, яму 52 гады. Ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае двое малалетніх дзяцей, раней судзімы не быў. У Расіі ў яго няма пастаяннага месца рэгістрацыі.

Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў.

— Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы <…>. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху, — сказаў ён.

яс