Як стала вядома «Белсату», вечарам 19 кастрычніка ў Мінску па вуліцы Казлова Ніна Багінская выйшла з плакатам, на якім было напісана БНФ. Менавіта ў той дзень, 36 гадоў таму, быў створаны аргкамітэт арганізацыі.
Жанчыну затрымалі і адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе скруціўшы рукі за спінаю надзелі кайданкі. Там актывістку трымалі тры гадзіны, пасля чаго адпусцілі. Дата суда невядомая.
Спадарыня Багінская мела намер дайсці да будынку, у якім некалькі гадоў запар месцілася Управа БНФ – самай масавай партыі канца 1980-х і пачатку 2000-х гадоў. Актывістка хацела нагадаць грамадству, што менавіта з Беларускага народнага фронту пачаўся сучасны апазіцыйны рух у Беларусі.
Адрас Варвашэні 8 быў добра вядомы жыхарам не толькі беларускай сталіцы. Летась 14 жніўня Вярхоўны Суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі палітычнай партыі «Беларускі народны фронт».
Сілавікі затрымалі Ніну Багінскую на рагу праспекту Незалежнасці і вуліцы Казлова.
Жанчыну прывезлі ва Упраўленне ўнутраных справаў Савецкага раёну сталіцы. Там міліцыянт надзеў ёй кайданкі, прычым рукі закруціў за спіну. У спадарыні Багінскай праблемы з плячом, жанчына папрасіла, каб далі магчымаць трымаць рукі спераду. Але тыя праігнаравалі век жанчыны і ейны фізічны стан. Ніна Багінская адмовілася чытаць і падпісваць пратакол. Яе трымалі ў РУУС у кайданках амаль тры гадзіны і адпусцілі да суда толькі каля 22:00.
Ніна Багінская бярэ ўдзел у акцыях апазіцыі з 1988 года з вялікам нацыянальным сцягам.
Жанчына сама стала адным з сімвалам мірных пратэстаў Беларусі. Яе штрафавалі столькі разоў, што сума перавышае як мінімум 20 тысяч долараў. Летась і сёлета Багінскую некалькі разоў затрымлівалі за нацыянальную сімволіку і каралі штрафамі.
Штрафы сплочваюцца з ейнай пенсіі, але, каб паскорыць працэс выплаты, прадалі лецішча жанчыны з зямельным надзелам. Яшчэ адно маленькае лецішча выставілі на продаж. Спадарыні Ніне забаронена карыстацца паслугамі мабільнай сувязі. Ёсць яшчэ пералік забаронаў: наведваць казіно, кіраваць яхтамі і маторнымі чаўнамі, а таксама паляваць.
Белсат/яс