Швейцарыя далучылася да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі, а таксама ўвяла новыя абмежаванні на нацыянальным узроўні, паведамляе «Позірк» са спасылкай на сайт швейцарскага ўрада.
Новыя санкцыі Швейцарыі прадугледжваюць забарону на інвестыцыі ў кампаніі, якія працуюць у беларускім энергетычным сектары.
Больш жорсткімі сталі абмежаванні ў гандлі: забараняецца імпарт золата, алмазаў, вугалю і сырой нафты з Беларусі, а таксама экспарт у Беларусь прадметаў раскошы, тавараў для перапрацоўкі нафты і звадкаванні прыроднага газу, тавараў для ўмацавання беларускіх прамысловых магутнасцяў, авіяцыйнага паліва і паліўных прысадак, тавараў марскога флоту.
«Акрамя гэтага, існуючыя забароны — напрыклад, на тавары падвойнага прызначэння — распаўсюджваюцца і на транзіт гэтых тавараў праз тэрыторыю Беларусі. Як і ў выпадку з санкцыямі супраць Расіі, уводзіцца кантрактнае абавязацельства для экспарцёраў забараніць рээкспарт з трэцяй краіны ў Беларусь пэўных камплектуючых, у тым ліку тых, якія ўбудаваныя ў абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для вядзення вайны супраць Украіны. Гэтая мера закліканая прадухіліць абыход санкцый, якія дзейнічаюць у Швейцарыі, праз трэція краіны», — гаворыцца ў паведамленні. Змены набудуць моц 31 кастрычніка.
Нагадваем, сёлета 29 чэрвеня Савет ЕС прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.
аз