Беларуская Служба

Кіраўнік МЗС Венгрыі ўдзельнічае ў канферэнцыі па бяспецы ў Мінску

31.10.2024 16:38
Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта выступіў у чацвер у Мінску на канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.
M        .
Mіністр замежных спраў і замежнага гандлю Венгрыі Петэр Сіярта.mfa.gov.by

Падчас мерапрыемства, якое сабрала прадстаўнікоў такіх краін, як Кітай, Іран і Сірыя, Петэр Сіярта сядзеў побач з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

Выступаючы ў якасці аднаго з ключавых спікераў, Сіярта яшчэ раз заявіў, што Венгрыя выступае супраць санкцый у дачыненні да Расіі.

Ён заклікаў «будаваць масты» і папярэдзіў, што «без дыялогу Еўропа стане значна больш небяспечнай».

Каментуючы чарговую паездку ў Мінск Сіярта, які таксама рэгулярна наведвае Маскву, сайт Politico адзначыў, што флірт Будапешта з Масквой выклікае ўсё большую заклапочанасць у саюзнікаў.

СМІ адзначаюць, што Сіярта пачаў свой выступ на рускай мове.

Перад сустрэчай у Мінску Сіярта напісаў у Фэйсбуку: «Не толькі мы ў Еўропе лічым, што еўразійскае супрацоўніцтва павінна быць адноўлена, але толькі мы дастаткова смелыя, каб гаварыць пра гэта адкрыта».

У канферэнцыі, якую арганізатары мяркуюць зрабіць альтэрнатывай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, таксама браў удзел самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які традыцыйна крытыкаваў Захад і «аднапалярны свет».

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан на пачатку тыдня накіраваўся ў Грузію, дзе заявіў, што нядаўнія парламенцкія выбары ў гэтай краіне былі «свабоднымі і дэмакратычнымі», а грузіны, якія падтрымліваюць прарасійскую кіруючую партыю «Грузінская мара», «выбралі мір».

Грузінская апазіцыя і празаходні прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі не прызнаюць афіцыйныя вынікі, міжнародныя назіральнікі выявілі злоўжыванні падчас галасавання, а краіны Захаду патрабуюць празрыстай праверкі сумленнасці выбараў.

PAP/вх