Па інфармацыі, якую «Наша Ніва» атрымала з некалькіх крыніц з тэатральнага кола, акцёраў РТБД, якіх раней затрымлівалі на суткі, звольнілі з тэатра.
Яшчэ ў абед 31 кастрычніка ў раздзеле «Асобы» віселі партфоліа акцёраў Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча і Арцёма Курэня, але цяпер іх адтуль прыбралі.
На гэтым трыа трымалася значная частка самых касавых, папулярных у гледачоў спектакляў, таму ў тэатры працягваюцца вымушаныя замены ў рэпертуары. Замяніць акцёраў папросту няма кім.
Пра затрыманне акцёраў РТБД стала вядома 19 кастрычніка. Іх асудзілі па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) на суткі. Акрамя Давідовіча, Курэня і Брагінца, затрымлівалі таксама яшчэ адну актрысу, але пазней адпусцілі да дзіцяці.
30 кастрычніка стала вядома, што акцёры выйшлі на волю.
Таксама з сайта тэатра знікла партфоліа акцёра Уладзіслава Ноздрына. Яшчэ ў красавіку ён разам з жонкай, таксама актрысай тэатра, быў асуджаны да 2 гадоў і 6 месяцаў «хатняй хіміі» за «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
У тэатральным коле абмяркоўваецца, што чарговыя чысткі роўныя знішчэнню тэатра.
Арцём Курэнь і яго жонка, таксама актрыса Ганна Семяняка.Сцэна са спектакля «Шлюб з ветрам». Фота: rtbd.by
Нагадаем, пасля выбараў 2020 года з РТБД у знак пратэсту звольніліся Андрэй Новік і Мікалай Стонька. Ілля Ясінскі быў вымушаны з'ехаць з краіны пасля таго, як яго затрымалі на адным з маршаў і зламалі пазванкі. Таксама ў канцы 2021 года з тэатра быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 года. Таксама РТБД пакінулі Алена Баярова, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.
А летам 2024-га ў тэатр прызначылі новую дырэктарку: на змену Святлане Карукінай прыйшла Святлана Навуменка.
вх