Беларуская Служба

Літоўскі палітык з групай фермераў з'ездзіў на экскурсію ў Беларусь: цяпер апраўдваецца

04.11.2024 18:06
Палітык з Шальчынінкскага раёна Літвы разам з групай фермераў з'ездзіў на экскурсію ў Беларусь, нягледзячы на ​​шматразовыя папярэджанні розных службаў аб небяспецы.
Аўдыё

Мужчына растлумачыў, што хацеў паглядзець трактарны завод і заадно Мінск, піша Delfi.

На візіт у Беларусь звярнуў увагу чытач — ён пазнаў на фота члена гарсавета Шальчынінкскага раёна Тадэвуша Рудзіса.

«Фермеры Шальчынінкайскага раёна (…), атрымаўшы авансныя плацяжы за дэклараваныя зямельныя ўчасткі ад Літвы і ЕС, змястоўна правялі час і трацілі атрыманыя грошы ў Беларусі ў незаконна абранага прэзідэнта гэтай краіны Аляксандра Лукашэнкі на Мінскім трактарным заводзе. Фермеры Шальчынінкайскага раёна паехалі ў краіну, дзе за кратамі знаходзіцца больш за 100 палітычных зняволеных, у іх ліку і вядомы праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, у краіне, якая падтрымлівае вайну ва Украіне», - абураўся чалавек, які даслаў фота.

Рудзіс сцвярджае, што фермеры проста хацелі пабываць на трактарным заводзе і паехалі туды па сваёй ініцыятыве, падчас знаходжання ў Беларусі яны не размаўлялі з мясцовымі палітыкамі.

«Людзі хацелі з'ездзіць і паглядзець. Мы думалі, з'ездзім апошні раз, былі ў Фінляндыі і падумалі: а якая сітуацыя ў Беларусі? Ведаеце, шчыра скажу, сітуацыя не такая, як мы думалі. Завод тамака стары, нам не вельмі спадабаўся. <…> Яшчэ пабывалі ў Мінску», —  распавёў палітык.

Ён дадаў, што не задумваўся аб тым, што паездка ў Беларусь уяўляе нейкую небяспеку.

«Пра палітыку мы ні з кім не размаўлялі», — растлумачыў Рудзіс.

Палітолаг Віціс Юрконіс перасцярог літоўцаў ад наведвання Беларусі.

«Калі вам здаецца, што літоўскія ведамствы перагінаюць палку, узгадайце, што ёсць грамадзяне Літвы, якія па „палітычных“ абвінавачваннях знаходзяцца ў беларускіх турмах, а ехалі яны туды наведаць блізкіх ці магілы сваякоў. Адзін грамадзянін Літвы памёр у беларускай турме. Мы ведаем па ліпеньска-жнівеньскіх падзеях, калі быў затрыманы грамадзянін Германіі толькі таму, што Лукашэнка хацеў дагадзіць Крамлю, абвінаваціў гэтага чалавека ў розных выдуманых злачынствах і прыгаварыў да смяротнага пакарання. Гэта сапраўды сур'ёзная падстава для таго, каб не ехаць у Беларусь, і ўсё роўна, было гэта афіцыйнае запрашэнне ці не», — сказаў Юрконіс.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі «ніхто не можа гарантаваць бяспеку чалавека — ні літоўскія, ні беларускія ведамствы, ні той, хто вас запросіць, калі такі чалавек ёсць».

delfi.lt/вх