Эксперты ААН у парадку спецыяльнай працэдуры зноў звярнуліся да ўладаў Беларусі з лістом, у якім выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні ў месцах пазбаўлення волі, злоўжыванні артыкулам 411 Крымінальнага кодэкса ў мэтах бестэрміновага падаўжэння тэрмінаў знаходжання ў турме і неапраўданых і непрапарцыйных абмежаваннях правоў чалавека былых зняволеных, гаворыцца на сайце арганізацыі. Яны заклікалі ўрад даць інфармацыю аб стане здароўя, лёсе і месцазнаходжанні некалькіх зняволеных, расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні з імі ў месцах пазбаўлення волі, а таксама памілаваць або скараціць тэрмін зняволення вязняў, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, паведамляе «Вясна».
Паведамляецца, што зварот адправілі Анаіс Марэн (Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі); Габрыэла Чытроні (старшыня-дакладчыца), Гражына Бараноўска (намесніца старшыні), Аўа Бальдэ і Ана Ларэна Дальгадзіла Перэс (чальцы Працоўнай групы па гвалтоўных або недобраахвотных знікненнях); Мэры Лалор (Спецыяльная дакладчыца па становішчы праваабаронцаў); Клаўдыя Малер (Незалежная экспертка па правах людзей сталага веку); Маргарэт Сатэртуэйт (спецыяльная дакладчыца па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў); Бэн Сол (Спецыяльны дакладчык па абароне правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам).
Эксперты адзначаюць, што нягледзячы на нядаўнюю амністыю і прэзідэнцкія памілаванні па меншай меры 115 палітвязняў, тым не менш многія людзі, асуджаныя без справядлівага судовага разбору за правамернае ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні.
аз