Беларуская Служба

Эвакуяваная з Беларусі журналістка «Белсату» пачала збор на BYSOL

05.11.2024 13:32
Журналістка кажа, што ў Беларусі ёй хапала сродкаў і на сваю сям’ю, і на дапамогу іншым, але незапланаваны пераезд даецца вельмі цяжка – не хапае сродкаў нават на абавязковыя рэчы.
Ньюсрум тэлеканалу «Белсат»крыніца: Таццяна Верамеева/«Белсат»

Журналістка «Белсату» распачала збор на платформе BYSOL: просіць агулам 3 тыс. еўра: 1 тыс. 500 на арэнду жытла на тры месяцы, 1 тыс. – на 25 заняткаў сына з дэфектолагам, 500 еўра – на самае неабходнае на першы час.

Журналістка не раскрывае свайго імя, бо ў Беларусі засталіся блізкія ёй людзі пад крымінальным пераследам. Але яна гаворыць, што да 2022 года рабіла перадачу «Маю права», а з 2022 года – «Ваяры». Увесь гэты час жанчына працавала з Беларусі, паралельна з працай адпраўляла бандэролі зняволеным у ізалятары, падтрымлівала сваякоў палітвязняў, паведамляе «Белсат».

«З'яжджаць з Беларусі я не планавала, імкнулася стаць нябачнай: выдаліла акаўнты з сацсетак, прыбрала з кватэры ўсё, што магло хоць неяк скампраметаваць мяне. Аб маёй дзейнасці і працы не ведалі нават у сям'і», – расказвае журналістка.

У маі 2024 года ў яе дома правялі ператрус. Нічога не знайшлі, бо працоўны камп’ютар яна трымала па-за домам, а тэлефон паспела скінуць да завадскіх наладаў і адкрыла запасны ўліковы запіс. Яе дапытвалі чатыры гадзіны. Жанчыне ўдалося пераканаць следчага, што яна ні да чаго не датычная – і застацца на свабодзе. Але ў жніўні журналістку выклікалі на новы допыт у сувязі з тым, што да 2021 года яна атрымлівала заробак на картку беларускага банку.

Пасля гэтага яна зразумела, што на гэты раз не ўдасца пазбегнуць бяды. Звярнулася ў BYSOL, і яе эвакуявалі разам з двума дзецьмі.

Журналістка кажа, што ў Беларусі ёй хапала сродкаў і на сваю сям’ю, і на дапамогу іншым, але незапланаваны пераезд даецца вельмі цяжка – не хапае сродкаў нават на абавязковыя рэчы.

вс