Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Трампа і патлумачыла, што вынікі выбараў значаць для беларусаў

06.11.2024 12:13
У Злучаных Штатах прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх да перамогі ўпэўнена прыйшоў кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп. 
.
.PAP/EPA/RUNGROJ YONGRIT

Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Трампа і патлумачыла, што вынікі выбараў значаць для беларусаў і Беларусі:

«Я віншую Дональда Трампа з упэўненай перамогай на выбарах прэзідэнта ЗША, а Рэспубліканскую партыю – у Сенаце ЗША. Гэта было сапраўднае свята дэмакратыі, і амерыканскі народ зрабіў свой выбар».

ПРА ВЫБАРЫ

«Гэта была вельмі цікавая выбарчая гонка. Сачыла за ёй нават з некаторай зайздрасцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат гадоў. Гэта сапраўды вялікая раскоша – не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам. Менавіта такія выбары – жывыя, дынамічныя, эмацыйныя, а галоўнае празрыстыя і справядлівыя – мы б хацелі пабачыць у Беларусі».

ЦІ ЁСЦЬ КАНТАКТЫ З ДОНАЛЬДАМ ТРАМПАМ?

«Мы будзем працаваць з новай адміністрацыяй, працягваць і ўмацоўваць нашыя адносіны. Безумоўна, у нас ёсць кантакты з атачэннем Дональда Трампа і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі. Тэма Беларусі аб'ядноўвае розных палітыкаў у ЗША, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасці».

ЦІ ПАМЯНЯЕЦЦА ПАЛІТЫКА ЗША?

«Мы разлічваем, што палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе рашучай, паслядоўнай, і прынцыповай. Беларусь павінна заставацца на міжнародным парадку дня. І амерыканскае лідарства грае ў гэтым надзвычай важную ролю.

Мы чакаем, што супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША працягнецца, у тым ліку ў межах Стратэгічнага дыялогу. ЗША былі, ёсць і будуць нашымі саюзнікамі ў барацьбе за дэмакратычную, незалежную і мірную Беларусь».

ТГ С. Ціханоўскай/ав