Беларуская Служба

Міністэрства аховы здароўя Беларусі дало справаздачу аб абходзе санкцый вытворцаў медыцынскай тэхнікі

07.11.2024 12:02
Замест еўрапейскай і амерыканскай медтэхнікі Беларусь пачала закупляць аналагі ў Турцыі і Кітаі.
Медыцынаt.me/belhalat_by/8430

Гэта сказана ў справаздачы Міністэрства аховы здароўя за 2023 год, якую Флагштоку падаў BelPol.

У справаздачы міністэрства адзначаецца, што адмова замежных кампаній ад паставак у Беларусь у сувязі з удзелам беларускага рэжыму ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны мела кропкавы характар. Праца па пошуку альтэрнатыўных варыянтаў паставак медыцынскіх вырабаў, у прыватнасці ў Кітаі і Турцыі, праводзілася сумесна з дыпламатычнымі місіямі за мяжой. Гэта прывяло да павелічэння агульнага аб'ёму закупак з памяншэннем долі паставак з краін Еўропы, ЗША, Японіі і павелічэннем паставак з Кітая.

У прыватнасці, для пераадолення недахопу сістэм стэрылізацыі і расходных матэрыялаў да газавых стэрылізатараў вытворчасці «3M» і Steris (ЗША), быў заключаны дагавор на пастаўку картрыджаў з вытворцам аналагічнай прадукцыі Kordon Tip Saglik (Турцыя).

У сувязі з адмовай працаваць з Беларуссю шведскага вытворцы Mölnlycke Health Care AB, Міністэрства аховы здароўя прапрацавала магчымасць пастаўкі перавязачных сродкаў праз арганізацыі ААН.

За 2023 год сістэма аховы здароўя Беларусі часткова вырашыла праблемы, звязаныя з рамонтам высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання. Калі на пачатак года рамонт патрэбны быў для 25 адзінак абсталявання (9,4% ад агульнай колькасці), то да канца года засталося неадрамантавана толькі 14 адзінак (4,8% парка).

Праблемы з пастаўкай медыцынскіх прэпаратаў і тэхнікі ў лютым 2024 года агучыў МЗС Беларусі. Вядома, што апроч вышэйназваных кампаній таксама адмовіліся ад паставак у Беларусь польская Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S.A. (вытворца прэпаратаў ад эпілепсіі), брытанская Atnahs Pharma UK Limited (вытворца прэпаратаў для лячэння астэапарозу), фінская Orion Corporation (вытворца прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца для лячэння хваробы Паркінсана і анкалогіі).

Нагадаем, што ў 2018 годзе шэрыя схемы пастаўкі медыцынскай тэхнікі сталі прычынай вялікага карупцыйнага скандалу ў сістэме Міністэрства аховы здароўя. У прыватнасці, на тэрыторыі трэціх краін ствараліся падстаўныя фірмы, якія прадстаўлялі Міністэрству аховы здароўя для ўдзелу ў закупках падробленыя сертыфікаты на прадукцыю. Махлярская схема, у якую былі ўцягнутыя вышэйшыя чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, спраўна працавала шмат гадоў, пакуль злачынную схему не абнародавалі журналісты выдання «Ежедневник».

Флагшток/ав