З 15 красавіка 2022 года па 18 лістапада 2024 года Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала больш за 1 млн чалавек (1.004.198), паведамляе «Позірк» са спасылкай на Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.
Больш за палову візіцёраў — 576.942 — грамадзяне Літвы, далей ідуць Латвія — 314.934, Польшча — 100.977. Астатнія 11.345 — жыхары іншых краін Еўропы.
За апошні тыдзень (11–18 лістапада) Беларусь на падставе бязвізу наведала 4.828 жыхароў еўрапейскіх краін (тыднем раней — 3.635).
У краіну, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, за гэты час накіравалася 1.620 грамадзян Літвы, 392 грамадзянe Польшчы, 2.352 грамадзянe і неграмадзянe Латвіі, 564 грамадзянe з іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.
19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.
Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.
Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску «па сапраўдных дакументах», знаходзіцца на беларускай тэрыторыі «не больш за 30 сутак з дня ўезду».
аз