Беларуская Служба

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з творчымі дзеячамі прэзентуюць музычны альбом пра палітзняволеных Беларусі

20.11.2024 13:13
Альбом з'яўляецца своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій Беларусі.
.
..

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з творчымі дзеячамі прэзентуюць музычны альбом пра палітзняволеных Беларусі — «Пазначаныя жоўтым». Над яго стварэннем працавалі паэты, акторы, музыкі, праваабаронцы і былыя палітзняволеныя. Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення. Асобна вылучана тэма дзяцей, чыі бацькі былі зняволены паводле палітычных матываў.

Альбом з'яўляецца своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій Беларусі. У аснове тэкстаў — рэальныя сведчанні палітзняволеных, а ў аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязняў. Сярод іншага, у ім можна пачуць бразгат кайданкоў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў «Плошчы Перамен» пры затрыманні Сцяпана Латыпава, голас Сяргея Ціханоўскага і як чытаюць лісты да мамы і таты Насця і Ваня — дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча. Альбом прысвячаецца ўсім палітвязням Беларусі і тым, хто прайшоў гэты шлях.

Вясна/ав