Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро збірае ў польскім тэлебачанні TVP дакументацыю ў рамках расследавання, якое праводзіць акруговая пракуратура ў Варшаве паводле справы «Белсату». Пра гэта паведамляе PAP.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў, кіраўніка МУС Яцэк Дабжыньскі заявіў 20 лістапада, што супрацоўнікі ЦАБ дзейнічаюць у TVP у рамках пракурорскага расследавання, але па дадатковую інфармацыю ў гэтай справе ён накіраваў у пракуратуру.
Прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба ў гутарцы з PAP паведаміў, што ідзе расследаванне «у справе аб нанясенні TVP SA ў перыяд са жніўня 2018 года па студзень 2024 года маёмаснай шкоды ў вялікіх памерах на агульную суму больш як 7 млн злотых шляхам заключэння дамоваў на наданне ІТ-паслуг і замоваў на куплю з канкрэтным прадпрымальнікам».
Паводле яго, расследаванне цалкам даручанае варшаўскаму аддзелу ЦАБ.
Кіраўнік аддзелу сувязі TVP Томаш Вядэрэк заявіў PAP, што польскае тэлебачанне ва ўсім супрацоўнічае з ЦАБ і перадало ўсе дакументы, названыя ў пастанове аб правяранні.
«Gazeta Wyborcza» таксама заяўляла, што агенты ЦАБ праводзяць дзеянні ў кватэры былой дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай. Але яна на платформе X зняпраўдзіла гэта.
Раней, польскія медыі паведамлялі пра імаверную датычнасць да фінансавых парушэнняў на «Белсаце» былой дырэктаркі тэлеканалу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага. Агнешка Рамашэўская-Гузы і Аляксей Дзікавіцкі ўсе абвінавачанні публічна зняпраўджвалі і заяўлялі, што не маюць дачынення да выстаўленых абвінавачванняў.
Белсат/ав