Беларуская Служба

За апошнія 30 гадоў з мапы Беларусі знікла амаль 1 тыс. 700 населеных пунктаў

22.11.2024 18:04
Беларускія ўлады заклікаюць моладзь скупляць хаты ў вёсках - менавіта такім чынам, на думку Лукашэнкі, можна падняць сяло.
Закінутая вёска ў Беларусікрыніца: YouTube/screen

Аляксандр Лукашэнка заклікаў гараджан актыўна купляць сельскія дамы. Улады Беларусі ў чарговы раз успамінаюць беларускую вёску, бо яна знаходзіцца цяпер у жудасным стане. Нягледзячы на існаванне праграм па развіцці вёскі, малыя населеныя пункты імкліва выміраюць. Моладзі там няма чым заняцца, а на пенсіянерах эканомікі не пабудуеш. Пры гэтым маладыя спецыялісты масава скардзяцца на ўмовы жыцця і працы ў вёсцы падчас адпрацоўкі. Шмат хто імкнецца жыць і працаваць у Мінску. 

Паводле дадзеных бюлетэня "Белгеадэзіі" з 2020 года ў Беларусі знік 71 населены пункт, больш за палову з іх - 37 - прыйшліся на Віцебскую вобласць.

Сёлета на Віцебшчыне скасавалі вёску Тарасаўка, якая знаходзілася ў Пастаўскім раёне. Летась у Віцебскай вобласці былі скасаваныя шэсць вёсак: чатыры ў Верхнядзвінскім і дзве ў Талачынскім раёнах. Пры гэтым многія малыя населеныя пункты афіцыйна пакуль яшчэ існуюць — але ўжо зусім без жыхароў.

Усяго за апошнія 30 гадоў з мапы Беларусі знікла амаль 1 тыс. 700 населеных пунктаў. У сярэднім кожны з 118 раёнаў краіны канчаткова страціў ужо па 14 вёсак.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск