Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў выкарыстанне ракетнай сістэмы «Арэшнік» па Украіне і пахваліў зброю. Пра гэта ён заявіў у Астане на палях саміту АДКБ, паведамляе БЕЛТА.
У Лукашэнкі спыталі, ці мае дэманстрацыя «Арэшніка» астудзіць тых, хто «давёў свет і паставіў на мяжу трэцяй сусветнай вайны».
«Дык ужо астудзіла. Гэта ж мы адразу бачым з заяваў у СМІ. Праўда, ужо няма адзінай лініі, усё пайшло ўразнабой. Гэта кажа пра тое, што крыху разгубіліся. Але зброя добрая. Не ядзерная зброя, а па сваёй моцы супастаўная з ядзернай зброяй. Але без пранікальнай радыяцыі, без заражэння мясцовасці і аб’ектаў», — сказаў Лукашэнка.
Мяркуючы з ягоных слоў, ён хоча размяшчэння «Арэшніка» ў Беларусі.
«Я тут старэйшаму брату (гаворка пра Уладзіміра Пуціна) пажартаваў, кажу: „Месцы гатовыя дыслакацыі. Калі?» — «Падумаем» (адказаў Уладзімір Пуцін)».
Аляксандр Лукашэнка практычна паўтарыў словы Уладзіміра Пуціна, які 28 лістапада заявіў, што ўдар некалькіх «Арэшнікаў» будзе супастаўны з выкарыстаннем ядзернай зброі.
Нагадаем, паводле заявы камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар міжкантынентальнай балістычнай ракетай па горадзе Днепр. У гэтым горадзе знаходзіцца завод «Южмаш» — буйное ўкраінскае прадпрыемства па вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
Уладзімір Пуцін заявіў, што войска РФ ударыла па Украіне адной з найноўшых ракетных сістэм сярэдняй далёкасці — балістычнай ракетай у бяз’ядзерным абсталяванні пад назвай «Арэшнік».
22 лістапада Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Украіны заявіла, што Расія нанесла ўдар па Дныпры, выкарыстаўшы балістычную ракету, імаверна, са складу ракетнага комплексу «Кедр».
Люстэрка