Беларуская Служба

«Новы час» і «Маланка медыя» просяць падтрымкі, каб мець магчымасць працаваць

29.11.2024 13:03
 «Новы час» і «Маланка медыя» аб'явілі збор сродкаў, каб мець магчымасць працягнуць працу рэдакцый.
      ,    .
«Новы час» і «Маланка медыя» просяць падтрымкі, каб мець магчымасць працаваць.screenshot

Збор сродкаў абвешчаны на платформе фонду салідарнасці BySol.

Выданне «Новы Час» працуе з 2002 года. «Больш за 20 гадоў мы публікавалі важныя інтэрв’ю, рэзанансныя расследаванні, палітычную аналітыку, а таксама гістарычныя артыкулы, — гаворыцца ў звароце рэдакцыі. — Мы забяспечвалі доступ да сапраўднай інфармацыі, нягледзячы на надзвычайны ціск з боку дзяржавы. «Новы Час» — адно з нешматлікіх цалкам беларускамоўных медыяў.

На жаль, цяпер рэдакцыя перажывае надзвычай складаны час. Мы спрабуем вырашыць праблемы, але наўпрост зараз сітуацыя крытычная. Без фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаванне выдання зробіцца немагчымым».

«Маланка медыя» паведамляе, што ключавы донар перастаў падтрымліваць рэдакцыю без тлумачэння прычын.

«Мы шукалі выхады з гэтай сітуацыі, але ва ўмовах вымушанай эміграцыі варыянтаў не так шмат», — гаворыцца ў паведамленні на сайце фонду.

Сайт malanka.media не абнаўляецца з 15 лістапада. З 14 лістапада не публікуюцца матэрыялы ў тэлеграм-канале. Ютуб-канал і іншыя сацыяльныя сеткі выдання працягваюць працу.

З пачатку 2024 года з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, «Белсат», Plan B, беларуская рэдакцыя польскага «Радыё Унэт», якая ў выніку спыніла працу, EX-PRESS.

У эміграцыі пасля падзей 2020-га года апынуліся ўсе недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыя. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, з Беларусі з'яехалі каля 400 супрацоўнікаў медыя, інфармацыйных служб.

У зняволенні ў Беларусі цяпер 36 супрацоўнікаў медыя.

вх