З'явіліся сайт і Instagram-старонка памяці Алеся Пушкіна, загінулага ў турме
Пасля васьмі месяцаў у турме № 1 Горадні 57-гадовы мастак Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні 11 ліпеня 2023 году. 13 ліпеня мастака пахавалі на яго радзіме ў вёсцы Бобр Крупскага раёна.
У інтэрнэце з'явіліся сайт і Instagram-старонка памяці загінулага ў турме мастака і палітвязьня Алеся Пушкіна.
На сайце можна прачытаць біяграфію мастака, галоўныя моманты яго жыцця і азнаёміцца зь некаторымі ягонымі творамі.
Алесь Пушкін быў адным з самых яркіх і адметных беларускіх мастакоў і перформераў апошніх дзесяцігоддзяў. Жыў у мястэчку Бобр на Крупскім раёне, удзельнічаў у мастацкіх і палітычных акцыях з канца 1980-х. Яшчэ ў 1988 годзе яго арыштавалі на пяць дзён за распаўсюд улётак да Дзядоў.
На Дзень Волі 1989 году, яшчэ пры СССР, Пушкін выйшаў з плакатам «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так студэнт тэатральна-мастацкага інстытуту прайшоўся па цэнтральным праспекце Мінска. За тую акцыю мастак атрымаў два гады ўмоўна, на суд прыйшоў у вышыванцы і адказваў на пытанні па-беларуску.
У 1999 годзе Пушкін правёў перформанс каля будынку адміністрацыі прэзідэнта, куды прывёз тачку з гноем і партрэтам Лукашэнкі, які праткнуў віламі, вываліўшы гной. І за гэтую акцыю Алесь быў пакараны на два гады ўмоўна.
У 2020 годзе Пушкін падтрымаў пратэсты. Яго схапілі і пабілі, як і іншых удзельнікаў акцый. Выйшаўшы з ізалятара, ён паказаў сінякі на сваім целе.
Крымінальную справу на Пушкіна завялі за партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму».
Пушкін мог застацца за мяжой, бо ў той час, калі даведаўся пра крымінальную справу, быў у Кіеве, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У выніку мастаку за карціну прысудзілі 5 гадоў зняволення. У апошнім інтэрв'ю на волі ён казаў, што ў Беларусі будзе ў турме, але застанецца пры гэтым жывым.
Пушкін прайшоў праз вайну, ён служыў у войску ў Афганістане. Апошнім часам зняволенне адбываў у турме ў Горадні. Там яму і стала блага са здароўем. Пушкін памёр у шпіталі ў выніку несвоечасова аказанай дапамогі пры прабадной язве. Пахаваны ў сваім родным Бабры.
Крыніца: Свабода
нг